Завяршылася спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства «Дом без пажару»

Служба 101

У мэтах папярэджання пажараў у жыллёвым фондзе, а таксама інфармавання насельніцтва аб правілах пажарнай бяспекі на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна з 28 студзеня па 1 лютага праведзена спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства «Дом без пажару».

Каб папярэдзіць вогненныя здарэнні работнікі Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях абследавалі домаўладання адзінокіх і адзінокіх пажылых грамадзян, інвалідаў, шматдзетныя сем’і і асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі.

Пры абследаванні домаўладанняў прадстаўнікі МНС нагадалі сельскім жыхарам аб неабходнасці захавання правілаў пажарнай бяспекі ў побыце, прывялі прыклады пажараў людзей, якія забралі жыцці. Не застаўся без увагі і аўтаномны пажарны апавяшчальнік, прадстаўнікі службы выратавання растлумачвалі грамадзянам правілы яго ўстаноўкі і абслугоўвання.

— Дадзенае мерапрыемства праводзілася з мэтай зніжэння рызык узнікнення пажараў у жыллёвым фондзе і прадухілення гібелі людзей. «Дом без пажару» уключае ў сябе прафілактычныя мерапрыемствы ў домаўладаннях, дзе візуальна ацэньваецца стан пажарнай бяспекі. З грамадзянамі праводзіліся тлумачальныя гутаркі, даваліся рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых парушэнняў, — каментуе намеснік начальніка раённага аддзела па НС Уладзімір Граковіч. — Аднак, як паказвае практыка, адных толькі папярэджанняў недастаткова.

Не засталіся без увагі выхаванцы і работнікі Іёдскага і Германавіцкага дзіцячага сада. З дзецьмі ратавальнікі правялі ўрок бяспекі, падчас якога нагадалі нумары экстранных службаў і дзеянні ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі.

Асноўнымі тэмамі сустрэчы ў працоўным калектыве сталі эксплуатацыя электраабсталявання, гарантаванне бяспекі дзяцей, правілы карыстання першаснымі сродкамі пажаратушэння, а таксама правілы бяспекі пры знаходжанні на лёдзе зімовага вадаёма.