Юбілейны выпуск навучэнцаў прайшоў у Лужкаўскай дзіцячай школе мастацтваў

Актуальное

Па даўняй традыцыі ў апошнюю нядзелю мая педагогі і навучэнцы Лужкаўскай дзіцячай школы мастацтваў ладзяць перад гледачамі справаздачны канцэрт па выніках прайшоўшага навучальнага года. Сёлетняя праграма выступленняў была асабліва насычанай. Прысутныя змаглі ўбачыць, як дзеці асвоілі навыкі ігры на музычных інструментах, спасціглі нотную грамату, харэаграфічнае, песеннае і выяўленчае мастацтва. У глядзельнай зале мясцовага Дома культуры, дзе праходзіў канцэрт, на сценах было размешчана мноства самых разнастайных малюнкаў дзяцей, якія наведвалі мастацкае аддзяленне школы. Дарэчы, яно пачало працаваць толькі ў пачатку навучальнага года.

Мерапрыемства пачалося з прывітальнага слова дырэктара школы мастацтваў Юрыя Пазейчука, які шчыра павіншаваў дзяцей з заканчэннем вучобы. Затым Юрый Ціханавіч узнагародзіў лепшых вучняў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, занялі прызавыя месцы на аглядах і конкурсах. Самым хвалюючым момантам для выпускнікоў стала ўручэнне ім пасведчанняў аб заканчэнні навучальнай установы. Лужкаўскую ДШМ у трыццаць пятым, юбілейным выпуску закончылі восем вучняў інструментальнага і тэатральнага аддзяленняў. Магчыма хтосьці з іх звяжа ў далейшым будучым свой лёс з музыкай, так як вырашыў калісьці стаць прафесійным баяністам выпускнік Наваполацкага музычнага каледжа, былы вучань Лужкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Арцём Драгун. Ён разам са сваім сябрам Цімафеем Сідарчуком выканалі для гледачоў некалькі мелодый-імправізацый.

Канцэртная праграма, якая доўжылася дзве гадзіны, была напоўнена прыгожымі, змястоўнымі і цікавымі нумарамі. Гледачы, сярод якіх былі і бацькі вучняў, задаволены выканальніцкім майстэрствам дзяцей. Яно і зразумела, бо талент вучняў – гэта, у першую чаргу, вынік карпатлівай працы педагогаў дзіцячай школы мастацтваў.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *