Калектыў МТФ «Германавічы» ААТ «Княж» упэўнена глядзіць у заўтрашні дзень

Ахова працы Сельское хозяйство

На цэнтральнай малочнатаварнай ферме «Германавічы» адкрытага акцыянернага таварыства «Княж» Шаркаўшчынскага раёна ўтрымліваецца 844 галавы буйной рагатай жывёлы, з іх 425 — дойны статак.

 

— Аператары машыннага даення ў сярэднім атрымліваюць ад кожнай каровы звыш 16 кілаграмаў малака ў суткі, — кажа загадчык МТФ Людміла Яблонская. — Гэта на 2,4 кілаграмы больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Кармленне жывёлы праводзім двойчы ў дзень. У рацыён уваходзіць 20 кілаграмаў сенажу на адну гадаву жывёлы, столькі ж сіласу, дадаткова даём па 300 грамаў канцэнтратаў за кожны літр атрыманага малака.

Высокіх прываг у цялят гуртоў дарошчвання таксама дасягаем дзякуючы якаснаму і разнастайнаму корму, сумленным адносінам да працы жывёлаводаў.

 

Для атрымання малака высокага гатунку важна мець не толькі якасны корм, але і пільна сачыць за правільным лячэннем жывёлы.

На гэта накіравана прафесійная дзейнасць галоўнага ветырынарнага ўрача гаспадаркі Алесі Пучынскай (на здымку). Жанчына ў галіне жывёлагадоўлі чалавек невыпадковы. Прафесію ветурача Алеся абрала свядома і ніколі не пашкадавала аб гэтым. Наадварот, заўсёды ў бадзёрым настроі крочыць на працу. І хоць жывёлу лячыць — справа не з лёгкіх, тым не менш, з цяжкасцямі дапамагае спраўляцца калектыў спецыялістаў сельгаспрадпрыемства.

 

— Прайшло 13 гадоў з таго часу, калі я стала працаваць у гаспадарцы, — кажа Алеся. — Напачатку былі складанасці з набыццём лекаў для жывёлы. Паступова сітуацыя мянялася ў лепшы бок, выдаткоўваліся сродкі на набыццё медыкаментаў, я набіралася вопыту ў старэйшых калег, прафесійную дапамогу аказвалі спецыялісты райветстанцыі.

 

— Па малочнатаварнай ферме захаванасць маладняку буйной рагатай жывёлы стопрацэнтная, — падкрэслівае намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ганна Мілевіч. — Гэта дасягаецца дзякуючы своечасоваму правядзенню вакцынацыі цялят, якаснаму аказанню ветэрынарнай дапамогі.

 

Сёлетняя зіма гучна заявіла пра сябе. Тэмпература паветра ў начныя часы нярэдка апускаецца да адзнакі амаль мінус 30 градусаў. Мароз, асабліва вецер са сразнякамі, аказваюць негатыўнае ўздзеянне на жывёлу. За захаваннем здароўя БРЖ пільна сочаць кіраўніцтва, спецыялісты гаспадаркі, кожны жывёлавод. Па зацверджаным графіку арганізавана кругласутачнае дзяжурства работнікаў на МТФ. Адказныя супрацоўнікі раённага выканаўчага камітэта, спецыялісты раённых служб, замацаваныя за жывёлагадоўчымі аб’ектамі, дапамагаюць аператыўна вырашаць узнікаючыя праблемы.

 

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.