Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Абрамчык Крысціна наведала дзіцячы сад №3 i малодшыя класы сярэдняй школы №1 , дзе правяла незвычайныя ўрокі бяспекі. Разам з інспектарам прапаганды і мамай-блогерам малыя разабраліся, калі агонь можа быць сябрам, а калі ён можа стаць страшным ворагам.
— Цяпер мы дакладна ведаем: агонь — наш сябар, толькі калі мы яго кантралюем і не забываем пра яго! Галоўнае правіла — ніколі не гуляць з электрапрыборамі і агнём! – акцэнтавала ўвагу прысутных Крысціна Пятроўна.
Затым дзеці з мамай-кухаром спасцігалі правілы бяспечных паводзін на кухні, змаглі правесці рэвізію бяспекі ў самым пажаранебяспечным месцы дома пры дапамозе гульні «Асцярожна — можна». З мамай-будаўніком прыгадалі асновы бяспечных паводзін на вуліцы, паразважалі, да чаго можа прывесці гульні ў забароненых месцах. Дзякуючы маме-настаўніку прысутныя замацавалі правілы выкліку ратавальнікаў, даведаліся, як не разгубіцца і пакінуць задымленае памяшканне. Пагаварылі і пра тое, як важна падчас пажару не панікаваць і дакладна дзейнічаць па алгарытме, прапанаваным ратавальнікамі. А на развітанне мама-трэнер нагадала рабятам аб зімовых небяспеках, якія падпільноўваюць школьнікаў.
У сваю чаргу хлапчукі і дзяўчынкі паабяцалі, што будуць прымяняць карысныя веды ў надзвычайных сітуацыях.
— Вы былі сёння самымі ўважлівымі, самымі актыўнымі і самымі разумнымі вучнямі! Цяпер вы — сапраўдныя супергероі, якія ведаюць, як сябе абараніць! Беражыце сябе і памятайце гэтыя правілы! — вымавіла Крысціна Пятроўна ў завяршэнне.


