28 мая ў нашым раёне прайшла выязная калегія галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама

Актуальное

На тэрыторыі нашага раёна маецца 17 аб’ектаў, занесеных у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны. Яны прадстаўлены палацава-паркавымі ансамблямі ў Шаркаўшчыне, Гарадцы і Германавічах, культавымі, гаспадарчымі пабудовамі, воінскімі пахаваннямі і іншымі помнікамі. З мэтай выканання заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны 28 мая ў нашым раёне прайшла выязная калегія галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама пад кіраўніцтвам намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення Ларысы Аленскай.

У пачатку пленарнага пасяджэння, якое праходзіла ў раённым Доме культуры, пра сацыяльна-эканамічны стан Шаркаўшчынскага раёна прысутным паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі. Затым з дакладам па асноўнаму пытанню выступіў начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Пётр Падгурскі. Аб тым, якія прымаюцца меры па захаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў Шаркаўшчынскім раёне расказала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і пасправах моладзі райвыканкама Іна Шынкевіч. У павестцы пасяджэння таксама разглядаліся пытанні арганізацыі часовай працоўнай занятасці моладзі ў 2014 годзе і аптымізацыі сеткі ўстаноў культуры вобласці. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Пётр Гнуценка ўзнагародзіў пераможцаў абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах за 2013 год. Прыемна, што калектыў нашай раённай бальніцы ў гэтым конкурсе ў намінацыі “Ахова здароўя і аздараўленне” заняў першае месца.

У другой частцы калегіі яе ўдзельнікі змаглі наведаць аб’екты, якія занесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Змястоўным быў аповед айца Віктара Валашчука пра праваслаўны храм іконы “Усіх Смуткуючых Радасць” у раённым цэнтры. У аграгарадку Германавічы ў прысутных была магчымасць палюбавацца хараством і веліччу Дабравешчанскага касцёлу 1787 г., карцінамі беларускіх мастакоў у прыватным літаратурна-мастацкім музеі імя Міхася Райчонка і творамі даўніны з экспазіцыі музея культуры і быту. Творчая сям’я Сяргея і Анны Рымдзёнкаў у мясцовым Доме ганчара расказала аб адраджэнні і зберажэнні ганчарнага і ткацкага мастацтва ў Шаркаўшчынскім раёне. У аграгарадку Лужкі ўдзельнікі калегіі наведалі Міхайлаўскі касцёл 1744 г., змаглі пагутарыць з ксяндзом Міхаілам і даведацца пра слаўную гісторыю гэтага мястэчка ад жыхаркі Лужкоў Ларысы Мядзелец.

Канчатковым пунктам у маршруце выязной калегіі стала рэзідэнцыя міфалагічнага героя-заснавальніка Шаркаўшчыны Шарачка ў доме паляўнічага каля вёскі Барсукі, дзе і былі падведзены вынікі пасяджэння, акрэслены задачы на далейшую работу. Там жа для гасцей раёна спецыялісты Лужкаўскага СДК, аддзела традыцыйнай культуры і народнай творчасці і раённага цэнтра рамёстваў падрыхтавалі цікавую праграму з песнямі, музыкай і смчнымі пачастункамі.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *