Ярка і запамінальна прайшоў першага чэрвеня чарговы раённы фестываль «Каляровыя сны» (+ фота)

Актуальное

Першага чэрвеня ў міжнародны дзень абароны дзяцей на сцэне раённага цэнтра культуры прайшоў традыцыйны фестываль дзіцячай і юнацкай творчасці “Каляровыя сны”. Мерапрыемства сабрала амаль поўную глядзельную залу жыхароў Шаркаўшчыны і раёна, усіх, хто цікавіцца песенным мастацтвам. Асабліва многа было татаў і мам, чые дзеткі ўдзельнічалі ў праграме фестывалю. На пачатку вядучыя, а ў іх ролі выступілі Макар Пундзіс і Кацярына Сікора, азнаёмілі канкурсантаў з умовамі праграмы. Дваццаць сем яркіх, разнажанравых музычных нумароў падарылі юныя артысты ў той дзень публіцы. Згодна ўмоў праграмы ўсе ўдзельнікі былі падзелены на групы: “саліст-вакаліст” (6-9, 10-13, 14-18 год), “вакальныя ансамблі” (6-9, 14-18 год). Кампетэнтнаму журы цяжка было вызначыць яўных пераможцаў. У групе “саліст-вакаліст” ад 6 да 9 год бяспрэчную перамогу заваявала Даша Райчонак з песняй “Хей, ди-джей!” (СШ №1). У гэтай жа ўзроставай групе, толькі ў намінацыі “вакальныя ансамблі” першае месца занялі маленькія выхаванцы тэатра эстраднай песні “Маленькая фея” (РЦК). Іх гарэзлівы нумар “Гармошечка” цёпла быў сустрэты гледачамі і журы фестывалю. Валерыя Тадасіева, якая прадстаўляла Лужкаўскі сельскі Дом культуры, стала пераможцай у намінацыі “саліст-вакаліст” ад 10 да 13 год. Валерыя спявала песню “Это просто война”. У гэтай жа намінацыі прызам за лепшае выкананне песні на беларускай мове адзначана яшчэ адна ўдзельніца гурткоў мастацкай самадзейнасці Лужкаўскага СДК Варвара Калесніковіч. Яна вельмі мілагучна выканала песню “Няма другой такой”. Бурныя апладысменты гучалі ў зале падчас выступлення старэйшай групы ўзорнага тэатра эстраднай песні “Маленькая фея”. Яны падарылі публіцы папуры песень з індыйскіх кінастужак, за што і атрымалі перамогу ў намінацыі “вакальныя ансамблі” ад 14 да 18 год. У гэтай узроставай групе ў намінацыі “саліст-вакаліст” за песню “Волчица” першае месца журы прысудзіла Юліі Гірстун. Сапраўдным адкрыццём фестывалю сёлета стаў Ігар Бурдзілаў, які вельмі жвава са сцэны чытаў рэп і танчыў ў гэтым стылі. Дарэчы, словы да сваёй музычнай кампазіцыі “18 тебе” Ігар напісаў сам. Яму ж і дастаўся прыз глядацкіх сімпатый. Пасля таго, як старшыня журы, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Шынкевіч уручыла ўсім пераможцам і прызёрам у намінацыях дыпломы, падарункі і салодкія пачастункі, было аб’яўлена імя ўладальніка гран-пры фестывалю. Ім стала Вольга Альшэўская з песняй “Вернись”. Вольга ў конкурснай праграме выступала ў намінацыі “саліст-вакаліст” ад 14 да 18 год і прадстаўляла Германавіцкую сярэднюю школу. Ажыццявіць фестываль, правесці яго на дастойным узроўні работнікам раённага цэнтра культуры дапамаглі матэрыяльна індывідуальныя прадпрымальнікі гарадскога пасёлка і звычайныя жыхары райцэнтра. А прадстаўнік кампаніі “Faberlic” Людміла Кукоўская ўручыла дзяўчынкам, якія занялі першыя месцы ў намінацыях, наборы дзіцячай касметыкі. Дваццаць першы фестываль дзіцячай і юнацкай творчасці “Каляровыя сны” стаў гісторыяй, пакінуўшы шмат цёплых, незабыўных успамінаў і ўражанняў аб сабе. Наперадзе з вялікім нецярпеннем мы будзем чакаць наступны, які абавязкова адбудзецца ў 2015 годзе. Сяргей РАЙЧОНАК. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *