Наша беларуская зямля стала другой радзімай для людзей розных нацыянальнасцей. Тут жыве і працуе вялікае мноства ўраджэнцаў Расійскай Федэрацыі.
Анатоль Стаўманенка нарадзіўся ў горадзе Ніжні Тагіл былой Свярдлоўскай вобласці. У пачатку 1960-х гадоў ён трапіў у Віцебск, дзе праходзіў тэрміновую службу. Тут жа спаткаў сваю будучую спадарожніцу жыцця, дзяўчыну Галіну, якая вучылася ў педагагічным інстытуце. Калі звязалі свае лёсы ў адзін, Анатоль павёз маладую жонку на сваю радзіму — на Урал. Так склаліся жыццёвыя абставіны, што праз год абодва вярнуліся ў Беларусь, у Шаркаўшчыну, дзе жылі бацькі і родныя Галіны. Анатоль працаваў інжынерам райсельгастэхнікі, жонка стала выкладаць матэматыку ў сярэдняй школе гарадскога пасёлка.
— Калі арганізавалі вучэбна-вытворчы камбінат пры Шаркаўшчынскай СШ, кіраўніцтва раённага аддзела адукацыі прапанавала мне пасаду выкладчыка, — успамінае Анатоль. — Шмат гадоў вучыў старшакласнікаў кіраванню аўтамабілямі, трактарамі.
З надыходам пенсійнага ўзросту ў 2005 годзе мужчына мог пайсці на заслужаны адпачынак, але быў упэўнены, што яшчэ зможа прыносіць сваёй працай карысць грамадству. Яшчэ дзевяць гадоў вучыў шаркаўшчынскіх юнакоў трактарнай справе.
Галіна ўсю працоўную частку жыцця прысвяціла педагогіцы, была настаўніцай матэматыкі ў Шаркаўшчынскай сярэдняй школе, класным кіраўніком. Разам з вучнямі атрымлівала перамогі на прадметных алімпіядах раённага і абласнога ўзроўняў.
Ганарацца Стаўманенкі сваімі сынамі. Старэйшы Юрый стаў ваенным, даслужыўся да звання палкоўніка, пражывае ў Маскве. Малодшы Андрэй — вадзіцель-міжнароднік, жыве з сям’ёй у Шаркаўшчыне.
Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі для Анатоля і Галіны асаблівая дата. Калісьці вялікая краіна СССР паяднала гэтых людзей дзеля кахання, стварэння сям’і, прадаўжэння роду і светлай будучыні ў імя наступных пакаленняў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

