Якасць, хуткасць і адказнасць — усё гэта ўласціва механізатару адкрытага акцыянернага таварыства «Княж» Андрэю Удобкіну.
Мужчына належыць да кагорты тых працаўнікоў, хто адказна і сумленна адносіцца да любой даручанай справы. Пасля заканчэння школы ён не змяніў вясковае жыццё на гарадское, хоць і была магчымасць. Застаўся жыць і працаваць на малой радзіме.
У мінулыя гады Андрэй працаваў на трактары, агрэгаце «Палессе», сеяў хлеб, займаўся корманарыхтоўкай. Заўсёды выходзіў у лідары і пераможцы раённых спаборніцтваў. Па выніках працы за 2024 год яму было прысвоена званне «Чалавек года Віцебшчыны».
Сёлета кіраўніцтва гаспадаркі даручыла Андрэю энерганасычаны трактар «Кіравец-744». У счэпе з шыроказахопнай сеялкай «Бярэзіна-9600» ён адным з першых у раёне ўключыўся ў пасяўную кампанію. З кожным днём нарошчваў тэмпы работы, павялічваў плошчы, засеяныя яравымі культурамі. Станоўчы вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. Мужчына змог пасеяць 896 гектараў ранніх зерневых і зернебабовых культур, а таксама кукурузы.
— Падводзячы прамежкавыя вынікі вясенніх палявых работ, сярод іншых механізатараў гаспадаркі мы адзначылі з уручэннем прэміі і Андрэя Удобкіна, — кажа дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Буда. — Мужчына заўсёды дасягае высокіх працоўных паказчыкаў, з’яўляецца прыкладам для маладых трактарыстаў.
— Лічу, што нічога звышнатуральнага асабіста я не зрабіў, проста штодзённа з году ў год стараюся сумленна выконваць сваю работу, — крыху сарамліва прамовіў Андрэй.
У віхуры падзей і часу ўсё мяняецца. Нязменнай застаецца толькі нястомная праца вяскоўцаў, якая з’яўляецца адной з самых значных і запатрабаваных у грамадстве.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
