Два гады назад усе гаспадаркі раёна набылі сеялкі дакладнага высеву для загортвання ў глебу насення кукурузы. Новая тэхніка бездакорна працуе і на палетках КУВСП імя Маркава.
На трактары «Беларус-1221» у счэпе з агрэгатам завода «Лідаграпраммаш» шчыруе механізатар Аляксандр Кірэй. Ветэран працы сярод іншых трактарыстаў вылучаецца стараннасцю і высокай адказнасцю. Аляксандр дасканала валодае ўсімі аграпрыёмамі сяўбы сельскагаспадарчых культур.
— У мінулым шмат гадоў займаўся вырошчваннем «царыцы палёў», — кажа мужчына. — Сеялка дакладнага высеву зроблена надзейна і не мае нараканняў па сваіх тэхнічных характарыстыках.
— Сёлета ў гаспадарцы запланавана загарнуць у глебу насенне кукурузы на корм буйной рагатай жывёле на плошчы 700 гектараў і 100 га — на насенне, — тлумачыць кіраўнік гаспадаркі Юрый Жынгель. — З гэтай задачай мы амаль справіліся. Пры спрыяльных умовах надвор’я і належным доглядзе за пасевамі плануем восенню атрымаць дастойны ўраджай.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
