ААТ “Даватарскі” летась першым у раёне (цяпер ёсць падобны ў ААТ “Агратэхсэрвіс”) набыло агрэгат тыпу “Тарнадо” для скручвання ў рулоны і запакоўвання ў плёнку правяленай травяной масы. Даручылі новую тэхніку адказнаму механізатару Валерыю Ласоўскаму. Трэба сказаць, што ў мінулым годзе для механізатара былі толькі пробныя выезды і ўсё ж ён назапасіў такім чынам тысячу рулонаў каштоўнага корму. Такі метад нарыхтоўкі кармоў самы эфектыўны, таму сёлета вопытны механізатар адным з першых уключыўся ў нарыхтоўку травяной масы прэс-падборшчыкам-абмотчыкам рулонаў “Тарнадо” з пераменнай камерай прасавання.
Дзякуючы выкарыстанню самай перадавой тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў, аптымальна выкарыстоўваецца кожная хвіліна. Нездарма, усе падкошаныя ў гаспадарцы насеннікі на плошчы 35 гектараў скручаны ў рулоны. Механізатар распачаў нарыхтоўку і з іншых сенакосных участкаў.
Скошаную і правяленую (пажадана да 40 працэнтаў) масу толькі паспяваў зграбаць у валкі Пётр Чарняўскі.
Тым часам падрастае трава на іншых кармавых участках.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.