Колькі цёплых, шчырых слоў можна пачуць пра вёску ў песнях і вершах, незлічоная колькасць цікавых раманаў і апавяданняў напісана творчымі людзьмі пра яе. Большасць з нас родам з вёскі і ведае гэтае жыццё не па чутках. Гэта там, у родным куточку, звыклую ранішнюю цішыню абуджаюць галасістыя пеўні, недзе ў хляве працяжна і адзінока адзавецца кароўка. Прачынаецца, ажывае вёска разам з узыходам сонца, трэба паспець зрабіць людзям хатнія справы і адправіцца на асноўную працу.
Нашы вёскі заўсёды ў працоўных клопатах. Яны, як той рухавік, яшчэ даюць энергію ісці наперад і не спыняцца. Улетку і ў восень хвалюецца і непакоіцца вясковы жыхар — трэба ўсё паспець і ўправіцца, каб зімой спакойней сябе адчуваць. Варта крыху затрымацца, як парушыцца вечны, як само жыццё, колазварот паўсядзённасці.
Час накладвае свой адбітак на аблічча вёскі. Паступова знікаюць моцныя і жывучыя карані, якімі глыбока трымалася аснова сялянскага побыту. Сённяшні дзень не заўсёды апраўдвае надзеі і спадзяванні на тое, што трэба вярнуцца да першаасноў жыцця: працы, зямлі, прыроды. Вёска адыходзіць ад ранейшых ідэалаў і традыцый, мяняюцца і ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Шкада, бо тут, у глыбіні народнага светабачання, — магутны патэнцыял для нацыянальнага самавызначэння і развіцця. Работнікі культуры імкнуцца прадпрымаць усё магчымае, каб адрадзіць ранейшыя звычаі і традыцыі ў вёсцы. Дзякуючы гэтаму і не зарастаюць нават самыя глухія і аддаленыя куточкі нашай зямлі. Тут праводзяцца святы вёсак, народныя гулянні, абрадавыя мерапрыемствы. Жывуць яшчэ і тыя людзі, хто можа падзяліцца са сваімі паслядоўнікамі каштоўным скарбам — сваёй мудрасцю. На такое разважанне мяне натхніла свята, якое прайшло ў аграгарадку Дворнава. Так супала, што ў адзін дзень людзі святкавалі Дзень святой Тройцы і свята вёскі.
Па дадзеных статыстыкі, у аграгарадку пражываюць 143 чалавекі і большасць з іх прыйшлі да сельскага Дома культуры на мерапрыемства. У маляўнічым, прыгожым куточку на вуліцы ладзілі яго мясцовыя культработнікі разам з аўтаклубам раённага Цэнтра культуры.
Сцэнарыем былі ахоплены ўсе сферы дзейнасці мясцовых жыхароў. Прыгадалі доўгажыхарку вёскі Любоў Сцяпанаўну Лапыр. Старэйшыя, карэнныя жыхары тут Яніна Антонаўна і Эдуард Міхайлавіч Каснікоўскія, якія працавалі ў мясцовай гаспадарцы. Не старэе вёска, бо жыве тут і моладзь. Максім і Таццяна Баярыньш выхоўваюць першую дачушку Дашу. Гэта яна самая малодшая жыхарка вёскі.
Трывалыя сем’і, якія аб’ядналіся 25 гадоў таму і жывуць у згодзе і павазе адзін да аднаго: Васілій Іванавіч і Зоя Паўлаўна Жынгель (шафёр КУВСП “Гарадзец” і ўрач-стаматолаг), Віктар Валянцінавіч і Марыя Казіміраўна Аблажэвіч ( будаўнік і медработніца). А вось Анатолій Сцяпанавіч і Ія Паўлаўна Каснікоўскія разам пражылі паўстагоддзя. Яны выхавалі і далі пуцёўку ў жыццё пяці дзеткам, а цяпер аддаюць сваё цяпло і пяшчоту васьмі ўнукам.
Прыгадалі ўчастковага Дзмітрыя Антонавіча Маліноўскага, які абараняе сон і спакой вяскоўцаў. Дарэчы, ён днямі адзначае свой 30-гадовы юбілей і стварае сваю сям’ю.
Самадзейныя артысты павіншавалі 40, 45, 50, 60, 65, 70-гадовых юбіляраў. Гэта Аляксей Іванавіч Гаранін, Антон Вікенцьевіч Якубёнак, Артур Станіслававіч Сталькевіч, Зоя Мікалаеўна Крыўка, Галіна Пятроўна Кабяк, Віктар Валянцінавіч Аблажэвіч, Аляксей Мікалаевіч Жынь, Алег Міхайлавіч Касаты, Мікалай Рыгоравіч Каснікоўскі, Зоя Уладзіміраўна Блін, Яніна Іосіфаўна Драздовіч, Раіса Ільінічна Гараніна, Аляксандра Аляксандраўна Няверка, Эма Міхайлаўна Сініца, Анна Мікалаеўна Ставіцкая, Павел Уладзіміравіч Баравік, Іван Іванавіч Гаранін.
Называліся прозвішчы тых жыхароў, хто святкаваў у гэты дзень сваё нараджэнне.
Старшыня Лужкаўскага сельскага Савета Таццяна Мікалаеўна Краснадубская павіншавала ўсіх прысутных са святамі і павязала юбілярам чырвоныя стужкі. Затым назвала тыя сем’і, у якіх сядзібы маюць ўзорны выгляд, і ўручыла імянныя шыльдачкі “Дом узорнага парадку” Алегу Міхайлавічу Касатаму і Валянціне Мілецьеўне Дзехцяеўскай, Васілію Іванавічу і Наталлі Іванаўне Гараніным. Дарэчы, ў мінулым годзе ўдастоіліся такога гонару Ларыса Віктараўна і Аляксей Іванавіч Гараніны.
Прыгадалі ўдзельнікі святочнай дзеі, як святкавалі раней “Тройцу”. Дапамагалі ў гэтым мясцовыя дзяўчынкі.
Кветкі, музыка, песні, выпечка, рукадзелле — усё было ў гэты дзень, які стаў для вяскоўцаў па-сапраўднаму святочным.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.