У апошні час дарогі рэспубліканскага і мясцовага значэнняў сталі значна лепшымі, іх стан амаль не выклікае нараканняў з боку аўтамабілістаў і пешаходаў.
Выконваючы даручэнне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі па асфальтаванні дарог, якія злучаюць аграгарадкі з раённым цэнтрам, у нашым рэгіёне гэта задача выканана.
— Асноўная функцыя арганізацыі — падтрыманне дарожнай інфраструктуры ў належным стане, — кажа начальнік ДРБУ-131, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вячаслаў Гарбузаў. — У вясенне-летні перыяд выконваем значны аб’ём работы: займаемся абкосам прыдарожных палос, фарбаваннем аўтобусных павільёнаў, нанясеннем дарожнай разметкі, ямачным рамонтам. Актыўнымі тэмпамі вядзем асфальтаванне дарог мясцовага значэння, паляпшаем іх стан. На дадзены момант тэхніка і работнікі арганізацыі працуюць на укладцы асфальтабетоннага пакрыцця на аўтадарозе Шаркаўшчына—Дзісна. Праводзім яе цякучы рамонт на вызначаных участках, якія патрабуюць замены. У бліжэйшых планах — правядзенне аналагічных работ на іншых аўтадарогах раёна.
Паспяховасць дзейнасці любой арганізацыі залежыць ад зладжанасці яе калектыву. У гэтым плане ў ДРБУ-131 усё добра: работнікі тут працавітыя, даведзеныя планы выконваюцца. Ва ўсім бачыцца почырк прафесіяналаў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
