Яскравыя імгненні абласнога турзлёту прыгадвае Ігар Іваноў

Актуальное

Усе, хто ўдзельнічаў у турыстычных злётах, ведаюць, наколькі гэта выдатны адпачынак і адначасова магчымасць праверыць свае фізічныя і інтэлектуальныя здольнасці. Турзлёт дае магчымасць пазбавіцца на пэўны час ад цяжару штодзённых праблем і мітусні. У лесе ты зліваешся з прыродай, дыхаеш чыстым паветрам, наталяеш смагу смачнай крынічнай вадой, спяваеш песні ля вогнішча, ўдзельнічаеш у спаборніцтвах і адчуваеш такі прыліў сіл, што можна горы звярнуць. Такія думкі прыходзяць, калі ўзгадваю пра наш удзел у абласным турзлёце. Сёлета ён праводзіўся на маляўнічым беразе Дняпра ў сасновым лесе ля вёскі Красная Харкаўка Аршанскага раёна. Дабірацца туды нам прыйшлося амаль шэсць гадзін. Але мясціны былі гэтага вартыя: зручная паляна, стромкі бераг Дняпра з бярозавымі і хваёвымі лясамі. Адсюль і высокі душэўны ўздым у каманды. Асаблівую радасць прынесла перамога ў першы дзень злёту ў конкурсе мастацкай самадзейнасці, у якім удзельнічалі 17 каманд гарадоў і раёнаў вобласці. Той, хто быў на раённым турзлёце, без сумнення, запомніў выступ каманды “ШІК”, якая падзяліла 1-е месца з пскоўскай камандай. Вось гэтую “хітовую” праграму ўбачыла ўся абласная дружына турыстаў і ацаніла па заслугах сваімі апладысментамі. Ідэя сяміхвіліннага прыпынку цягніка Віцебск-Друя на станцыі “Шаркаўшчызна” і наведвання замежнымі турыстамі нашых аграэкатурславутасцей прапанавала Таццяна Лаздоўская. А дапамаглі яе ажыццявіць нашы таленавітыя работнікі культуры: Марыя Рабіза, Вікторыя Сяткоўская, Ганна Іванькіў, Ірына Хаданёнак, Іван Русецкі на чале з выконваючай абавязкі дырэктара Шаркаўшчынскага раённага цэнтра культуры Аксанай Сініцай. Таксама паўдзельнічалі ў выступе Аляксей Станько, Алі Багіраў, Міхаіл Пугаўка, Максім Сайкоўскі, Арцём Завядзееў, Жанна Шошына, Галіна Даванава.

У першы дзень прайшлі і спаборніцтвы па велатурысцкаму мнагаборству, дзе шаркаўчане занялі шостое месца. Асноўныя спартыўныя баталіі разгарнуліся ў другі дзень злёту. Асаблівую трывогу выклікалі спаборніцтвы па турысцка-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы горна-пешаходнага турызму. Справа ў тым, што яны праводзіліся на прафесійным узроўні і ў іх удзельнічалі пераможцы і прызёры чэмпіянатаў вобласці і рэспублікі. А ў нашай камандзе толькі Юлія Каплуноўская і Сяргей Сямёнаў мелі вопыт такіх сур’ёзных спаборніцтваў, астатнім чатыром удзельнікам у камандзе трэба было падзякаваць ужо толькі за тое, што яны пагадзіліся і змаглі пераадолець усю гэтую складаную трасу. Таму 14-е месца ў дадзенай сітуацыі — гэта не самы горшы вынік. Для таго каб змагацца за высокія вынікі, у раёне павінны працаваць хаця б 2-3 турыстычныя секцыі, трэба праводзіць не аматарскія, а прафесійныя раённыя спаборніцтвы і  пабольш ўдзельнічаць у абласных. Аналагічная сітуацыя і па водна-турысцкім шматборстве (12-е месца), турысцкай паласе перашкод (15-е месца) і спартыўным арыентаванні (11 месца). Трэба сказаць, што ў спартыўным арыентаванні сапраўдную сенсацыю здзейсніў наш Максім Сайкоўскі, калі на першым этапе, спаборнічаючы з кандыдатамі і майстрамі спорту, прыбег на перадачу чацвёртым. Як ён змог так зарыентавацца, якія сакрэты падгледзеў у майстроў, аднаму яму толькі вядома. Але адназначна: гэты хлопец — сапраўдны талент. Юлія Каплуноўская, якая мае неабходную турысцкую падрыхтоўку, як магла старалася дапамагчы камандзе. Маючы траўму спіны, яна асабіста ўдзельнічала ва ўсіх трох самых складаных турыстычных відах, але, як гаворыцца, адзін у полі не воін, і нам трэба задумацца, як вырасціць цэлую раць сапраўдных турыстаў, калі мы хочам мець высокі вынік у гэтай сферы.

У другі дзень злёту праводзілася краязнаўчая віктарына, прысвечаная 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наша дружына інтэлектуалаў у гэтым конкурсе спынілася ўсяго толькі ў адным кроку ад п’едэстала, заняўшы чацвёртае месца.

Парадавала нас навіна, што ў конкурсе турыстычных навыкаў па афармленні побыту журы ўдастоіла  лагер Шаркаўшчынскай каманды першага месца. Ідэі па афармленні турыстычнага лагера з выкарыстаннем яблычнага брэнда ацаніла не толькі журы, але і ўдзельнікі з іншых каманд, якія часта заходзілі да нас на агеньчык, каб сфатаграфавацца з яблычнымі талісманамі. А мы іх гасцінна запрашалі на святкаванне яблычнага Спаса ў Шаркаўшчынскім раёне.

Яшчэ адным выпрабаваннем, у якім шаркаўшчынская дружына турыстаў бліснула сваімі талентамі, стаў конкурс газет, на старонках якіх трэба было адлюстраваць будні злёту, не забыўшы ўзгадаць  70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наша газета атрымалася яркай,  змястоўнай, цікавай, поўнай крэатыўных ідэй. Можна без перабольшвання назваць яе сапраўдным творам мастацтва. Гэта меркаванне падтрымлівалі прадстаўнікі і шэрагу іншых каманд. Суддзі, на жаль, прысудзілі нам толькі другое месца, але гэта не галоўнае. Галоўнае — гэта той вясёлы зарад станоўчых эмоцый, які атрымлівалі нашы сябры з суседніх раёнаў падчас яе чытання і прагляду. Выдатна папрацавалі над ідэямі, зместам і афармленнем газеты  Юрый Матуль і Таццяна Малыш, але асноўным яе творцам і душой была Таццяна Гембіцкая. Уладкаваўшыся на сядзеннях аўтобуса ці ў адкрытай палатцы, куды спецыяльна было праведзены святло ад генератара, яна без стомы фарбавала, лунаючай над сваім творам чароўнай музай.

У агульным заліку з 17 каманд Шаркаўшчынская дружына заняла дзявятае месца, заваяваўшы два першыя і адно другое месца ў асобных відах. І вось урачыстае закрыццё злёту: уручаны дыпломы і прызы, выказаны словы падзякі… І як жа не хацелася, каб гэты турзлёт заканчваўся. Бо было так выдатна, так дружна і весела, так … такое не перадаць словамі, гэта трэба перажыць! Бо акрамя ўмацавання здароўя падчас актыўнага адпачынку, удзел у злёце — гэта яшчэ і павышэнне каманднага духу, фарміраванне навыкаў паспяховага ўзаемадзеяння калектыву і пачуцця згуртаванасці. Мы бачылі, якую сумесную радасць перажывалі ўдзельнікі не толькі ад перамог, а і тады, калі ўсё ж такі пераадольвалі цяжкасці і, здавалася б, такія непераадольныя выпрабаванні. І думаю, ніводны ўдзельнік каманды не скажа, што турзлёт яму не спадабаўся.

Хачу пажадаць усім нашым хлопцам і дзяўчатам працягваць традыцыі турзлётаў і здзяйсняць такія ўчынкі, за якія вам потым сказалі б: «Дзякуй табе за тое, што было так выдатна!”

Ігар ІВАНОЎ, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

[nggallery id=49]



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *