Акцэнт на сучасныя тэхналогіі

Общество

Тэмпы работ па ўзвядзенні прафілакторыя на 200 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы на ферме «Савуткі» КУВСП імя Маркава павялічваюцца.

Будоўлю двойчы ў дзень наведвае дырэктар гаспадаркі Юрый Жынгель. Зразумела, што сам кіраўнік зацікаўлены ў хутчэйшай здачы аб’екта ў эксплуатацыю.

— Памяшканне нам вельмі неабходна, бо сёння важна стварыць для жывёлы ўмовы, пры якіх яна будзе здаровай і зможа развівацца з першых дзён жыцця, — адзначыў дырэктар. — Зменяцца ў лепшы бок і ўмовы працы работнікаў. Ужо ўзведзены кроквы на асноўным будынку, у хуткім часе спецыялісты таварыства з абмежаванай адказнасцю «РекордСтрой» прыступяць да ўзвядзення даху. У будынку, дзе размесцяцца бытавы пакой, кармакухня, закуплены і завезены аконныя і дзвярныя блокі. Каб знізіць фінансавыя затраты на правядзенне сістэмы водазабеспячэння, зрабілі свідравіну глыбінёй 45 метраў і ўстанавілі помпу. Гэта аказалася значна танней, чым весці водаправод ад асноўнай вежы фермы.

Не забываюць у гаспадарцы і пра сучаснае тэхналагічнае абсталяванне для прафілакторыя. Тут з’явіцца малочнае таксі з пастэрызатарам. Яно дазволіць за адно прыгатаванне забяспечыць выпойку ўсяго маладняка, а ўсталяваны дазатар малака дакладна размяркуе неабходную яго колькасць.

Сяргей РАЙЧОНАК