Святы Андрэй Баболя — святар, мучанік, палымяны прапаведнік, самаадданы місіянер, які евангелізаваў на Палессі і скончыў жыццё ў страшэнных муках, але так і не адрокся ад сваёй ідэі еднасці хрысціян, быў забіты казакамі ў Янаве Палескім (зараз — Іванава Брэсцкай вобласці).
— Яго асоба, гісторыя жыцця з нядаўняга часу набылі асаблівае значэнне для нашай сям’і, — паведаміла чытачка Лена Клімза і расказала такую гісторыю. — Цяпер ужо мала хто памятае і ведае, што яшчэ да вайны па дарозе Шаркаўшчына—Браслаў, паміж вёскамі Глісцёнкі і Сасноўцы, у мясцовасці, так званай Тарзянова, стаяла капліца ў гонар святога Андрэя Баболі. Побач знаходзілася школа, а зусім блізенька да капліцы стаяла хата, якую арандавалі ў тамтэйшага пана Андрэя Ананіча бабуля і дзядуля майго мужа — Ядзвіга і Антон Хвяцковічы. Яны і апекаваліся гэтай каплічкай. Сям’я была вялікая (бабуля нарадзіла 12 дзяцей, праўда, не ўсе выжылі). Яны былі вельмі набожныя, добрыя, працавітыя людзі. У іх жыцці Бог заўсёды быў на першым месцы, а Святы Андрэй Баболя вельмі шанаваўся, як нябесны заступнік.
Каплічка выглядала як звычайны касцёл, мела вежы. Акрамя галоўнага, былі яшчэ і бакавыя алтары. I хоць без арганаў, хоры ўсё ж спявалі. Пабудавана была святыня на сродкі тутэйшага пана Андрэя Ананіча, які меў сялянскае паходжанне. Але, паводле легенды, знайшоўшы скарб, разбагацеў і ў гонар свайго нябеснага заступніка — святога Андрэя Баболі (праўда, спачатку бласлаўлёнага, бо святым ён стаў толькі ў 1938 годзе), пабудаваў каплічку. Адзін раз на год, 16 мая, там спраўлялася набажэнства ў гонар Андрэя Баболі. Прыходзілі з Шаркаўшчыны і з наваколля вернікі са святочнай працэсіяй. Колькі іх было, можам толькі здагадвацца, бо, па словах Ірэны Антонаўны Хвяцковіч (дачкі Ядзвігі і Антона Хвяцковічаў), каб напаіць стомленых дарогай пілігрымаў, трэба было падрыхтаваць 7 вёдзер квасу.
Здарылася так, што ў вайну ад бомбы згарэла хата Хвяцковічаў, пасля была спалена і школа. Бабуля і дзядуля мусілі шукаць іншае жыллё: яны перабраліся ў вёску Бяседнае. А вось каплічка, не кранутая ваенным ліхалеццем, так і працягвала стаяць у чыстым полі.
Прыкладна ў канцы 50-х гадоў (ніхто дакладна не ведае) вернікі з Іёд вырашылі разабраць капліцу і перавезці ў сваю вёску, там адбудаваць. Але так і не атрымалі дазволу ад тагачаснай улады. Маёмасць капліцы вернікі разабралі па хатах і пахавалі, хто што мог. Пра гэтую гісторыю наша сям’я даведалася амаль чатыры гады таму, якраз едучы на фэст Андрэя Баболі ў Лучай. Выпадкова запрасілі паехаць з намі добрую знаёмую — Рэгіну Іпалітаўну Латышонак (Шатыбелка), жыхарку Шаркаўшчыны, ураджэнку тых мясцін. Яна і расказала пра каплічку Андрэя Баболі ў Тарзянове. На жаль, дагэтуль мы нічога не ведалі і нават не чулі пра святыню. Пасля пачалі цікавіцца ў вернікаў старэйшага пакалення, у родных і знаёмых. I аж з Італіі дайшлі весткі. Там жывуць унучка і праўнучка Хвяцковічаў. Менавіта адна з іх — Ванда Станіславаўна — узгадала, што калісьці, у дзяцінстве (а зараз ёй ужо за 60 гадоў), над яе ложкам вісеў крыж. Па словах яе таты, крыж гэты быў з каплічкі Андрэя Баболі. Пасля яго знялі і схавалі на паддашшы. Так і праляжаў ён там амаль 40 гадоў.
Цікава, што крыж захаваўся ў цудоўным стане. Адразу бачна, што быў ён зроблены сапраўдным майстрам, распяцце — з цэльнага дрэва. У даўжыню — паўтара метра. Амаль не крануты часам, толькі пакрыты саракагадовым пылам.
Але дзе знайсці пачэснае месца для такой святыні? Адзінагалосна вырашылі перадаць крыж Лучайскаму касцёлу, у якім знаходзіцца алтар святога Андрэя Баболі і штогод 16 мая ладзіцца фэст у гонар пакутніка. Тым больш ужо на працягу амаль сямі гадоў там служыць Богу і людзям наш зямляк — ксёндз Мікалай Ліпскі.
У Вялікую пятніцу 2012 года адбылося ўшанаванне Крыжа — нашага крыжа! Уся сям’я ўдзельнічала ў цырымоніі Вялікай пятніцы. Падыходзілі людзі, кланяліся крыжу, як і калісьці нашы продкі. Значыць, вера жыве!
Зараз крыж з каплічкі Андрэя Баболі размешчаны пры алтары пакутніка, як успамін пра веру нашых продкаў, пра тое, як яны яе бераглі і баранілі.
У гісторыі Касцёла Божы Провід не аднойчы нечакана адкрываў і паказваў святога Андрэя Баболю ў самыя дзіўныя моманты. Магчыма, сёння настаў час, каб ён сваім прыкладам умацоўваў нас у выкананні заданняў, якія Пан Бог прызначыў для кожнага з нас.
Звяртаюся з вялікай просьбай да ўсіх, а асабліва да жыхароў Іёд і наваколля: калі хтосьці што-небудзь ведае пра гісторыю капліцы ў Тарзянове, падзяліцеся, калі ласка, раскажыце нам.
Запісала Кацярына СОСНА.
