Многія, хто жыве ў сельскай мясцовасці, хацелі б мець уласную гаспадарку, развівацца, зарабляць грошы, але далёка не кожны можа адважыцца на такі сур’ёзны крок.
Шмат часу жыў з думкай аб фермерстве Станіслаў Странчэўскі з аграгарадка Радзюкі. Нарадзіўся і вырас мужчына ў вёсцы, з маленства ведае цану хлебу, шмат гадоў адпрацаваў механізатарам у КУВСП імя Маркава, заўсёды быў у ліку перадавікоў сельгасвытворчасці.
— Аднойчы на сямейным савеце абмеркавалі пытанне аб заснаванні сялянска-фермерскай гаспадаркі, — кажа Станіслаў, —ўзважылі ўсе за і супраць, а потым вырашылі — трэба адкрываць сваю справу, быць сапраўдным гаспадаром на сваёй зямлі.
Было гэта пяць гадоў назад, к таму часу на падворку Странчэўскіх налічвалася пяць кароў, свінні, іншая жыўнасць. 18 гектараў зямлі, якія знаходзіліся ў розных месцах, апрацоўваў уласным трактарам з нешматлікімі прычапнымі агрэгатамі да яго. Пакрысе гаспадарка павялічвалася: набывалася тэхніка, рос статак кароў, пашыраліся зямельныя надзелы.
— Восенню мінулага года і сёлетняй вясной пасеяў 8 гектараў зерневых, — працягвае Станіслаў. — Расце надзел бульбы, спадзяюся на дастойны ўраджай. Парк тэхнікі цяпер складаецца з трох адзінак трактароў, зернеўборачнага камбайна, набыў прэс-падборшчык рулонны з абмоткай у стрэтч-плёнку. У планах —павялічыць колькасць «сталёвых коней», набыць, па магчымасці, грузавы аўтамабіль. Да таго ж і дойны статак пакрысе расце, цяпер у ім ўжо 20 кароў.
Даглядаць за гаспадаркай дапамагае сын Вадзім, які разам з бацькам займаецца фермерствам. Працуе поруч з мужчынамі і спадарожніца жыцця Станіслава — жонка Святлана. Трэба кароў падаіць тройчы на дзень. Хоць і маецца на тэхнічным узбраенні перасоўная даільная ўстаноўка з бензагенератарам, але без жаночых рук тут ніяк не абыйсціся.
Калі ў мінулым годзе мясцовае сельгаспрадпрыемства набыло новы зернеўборачны камбайн, паўстала пытанне, каму даручыць сучасную тэхніку. Дырэктар гаспадаркі Юрый Жынгель звярнуўся за дапамогай да фермера. Не змог адмовіць Станіслаў — на час жніва перасеў за штурвал камбайна.
— Трэба заўсёды прыслухоўвацца да людзей, — упэўнены мужчына. — Сёння я акажу дапамогу, а заўтра і да мяне прыйдуць на выручку.
Станіслаў і яго родныя жывуць не толькі штодзённымі клопатамі, але і ўпэўнена плануюць заўтрашні дзень, каб на стале заўсёды быў бохан свежага хлеба.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
