Пра руплівасць сельскіх працаўнікоў, іх стараннасць мы заўсёды расказваем на старонках раённай газеты. Іх нялёгкая праца заслугоўвае вялікай павагі і ўдзячнасці.
Без станоўчых вынікаў работы аграрыяў не будзе сацыяльна-эканамічнага дабрабыту дзяржавы. Пацверджаннем таму стала ўзнагароджванне перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці падчас раённага фестывалю «Прыдзісненскія крыніцы» ў межах святкавання Дня Незалежнасці.
З прывітальным словам да шаркаўшчынскіх аграрыяў звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Варона. Ён павіншаваў прысутных са святам, выказаў працаўнікам хлебнай нівы словы ўдзячнасці, уручыў Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта за арганізаванае і своечасовае правядзенне вясенняй пасяўной кампаніі. Кіраўнікі, галоўныя спецыяліты, трактарысты-машыністы гаспадарак па чарзе выходзілі на сцэну, каб атрымаць заслужаныя ўзнагароды.
— Лічу, што я нічога звышнатуральнага не зрабіў, проста штодзённа сумленна выконваю сваю справу, — сказаў механізатар ААТ «Княж» Уладзімір Александровіч. — Дзякуючы новай тэхніцы, якую сёлета атрымаў у кіраванне, дасягнуў высокіх паказчыкаў пры падрыхтоўцы глебы пад сяўбу яравых культур. Цяпер займаюся транспартнымі работамі на корманарыхтоўчых работах.
Падзякі за подпісам старшыні райвыканкама Сяргея Кашмілы ўручылі ветэранам працы, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, перадаюць свой вопыт маладому пакаленню.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
