У раёне па стане на 9 ліпеня скошана 77 працэнтаў плошчаў траў першага ўкосу. Закладзена ў траншэі 52 118 тон сенажу, маецца 2136 тон сена. На адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 10,6 цэнтнераў кармавых адзінак.
Тэмпы, у параўнанні з мінулагоднімі, вышэйшыя, але і гэтыя паказчыкі маглі быць большыя. Зменлівае надвор’е ўносіць свае карэктывы ў працу вяскоўцаў.
— Нябесная канцылярыя дорыць нам то спякоту, то халодны дождж, — кажа галоўны аграном ААТ «Буеўшчына» Віктар Атрашкевіч. — Такое надвор’е ў нечым нагадвае мінулагоднюю корманарыхтоўку, калі тэхніка з вялікімі цяжкасцямі рухалася па полі, пакідаючы за сабой вялізныя каляіны. Але мы працуем, нягледзячы на такія абставіны. На ўзбраенні маецца магутная тэхніка, на выпадак пазаштатных сітуацый дзяжурыць энерганасычаны трактар для буксіроўкі агрэгатаў. Самі механізатары настроены рашуча, збаўляць тэмпаў ніхто не хоча, бо ў хуткім часе пачнецца жніво. Тады аб’ёмы працы значна ўзрастуць.
У дзень наведвання гаспадаркі звяно тэхнікі працавала каля вёскі Корніца. Скошваннем траў займаўся Павел Пяткевіч, правяленую масу ў валкі зграбалі Аляксандр Іваноў і Аркадзь Падоба. Здрабненне травы і загрузку яе ў прычэпы праводзіў Вячаслаў Пабяржын.
— Тры адзінкі трактароў адвозяць зялёнку ў сянажную траншэю фермы «Буеўшчына», — кажа механізатар Барыс Бабчонак. — За дзень выконваем прыкладна па дзесяць рэйсаў. Тэхніка не прастойвае, а рэдкія паломкі ліквідуем аператыўна.
У вызначаны час да механізатараў пад’ехаў аўтамабіль, у якім повар Вольга Козырава прывезла гарачыя абеды.
— Як падсілкуешся — так і папрацуеш, — з усмешкай прамовіла жанчына. — Таму стравы гатуем толькі са свежых прадуктаў, заўсёды ў наяўнасці садавіна, гародніна, мяса, а меню кожны дзень рознае.
Не марнуючы часу, механізатары завялі рухавікі сваіх трактароў, каб рушыць на поле, корманарыхтоўка працягваецца.

