Па расказах Ірыны Дамінікаўны Масевіч можна, без сумнення, напісаць цэлую кнігу, столькі было ў яе жыцці розных падзей і прыгод. Усяго хапала: трагічнага і смешнага, як заўсёды бывае ў жыцці. У 1943 годзе яе, 16-цігадовую дзяўчыну забралі з роднай вёскі на Мядзельшчыне ў Германію. Працавала на фабрыцы ў мястэчку Эслінген каля Штутгарта. Ледзь не загінула, каля ў іх барак патрапіла і выбухнула бомба. “Бог выратаваў!” — упэўнена яна. Потым яе забралі дапамагаць у мясную краму. Сваіх гаспадароў яна ўзгадвае добрымі словамі, не крыўдзілі яе, адносіліся добра. Але ж, вядома, гэта быў не дом, не родныя людзі. А вось далей здарылася падзея, на аснове якой можна было б і фільм зняць. Дзяўчына выратавала збітага французскага лётчыка, падабрала яго і схавала ў сараі, насіла яму есці. Калі ён паправіўся і сышоў, то пакінуў дзяўчыне паперку са сваім адрасам.
Пасля заканчэння вайны дзяўчына вярнулася на Радзіму, ажанілася, нарадзіла двух дзяцей. Адным словам, усё як у людзей. Але была ў яе жыцці яшчэ адна вельмі цікавая старонка. У 70-я гады яна, простая вясковая жанчына, з’ездзіла на месяц у Францыю (там у яе застаўся жыць родны дзядзька). Уражанняў было многа, шпацыравала па вуліцах французскіх гарадоў, ела французскія дэлікатэсы — слімакоў і жабак, піла (праўда, у невялікіх дозах, бо перад адпраўкай за мяжу строга папярэдзілі — павінна адпавядаць вобразу высокамаральнага савецкага грамадзяніна) французскае віно. Хацела сустрэцца з выратаваным ёй французам, але дзядзька не дазволіў, маўляў, будзе выглядаць, што просіш у яго падзякі. А колькі было размоваў у вёсцы, калі Ірына Дамінікаўна вярнулася дадому з моднай французскай прычоскай.
Каля 11 гадоў назад Ірына Дамінікаўна пераехала жыць з роднай Мядзельшчыны да дачкі Алены ў Шаркаўшчыну і цяпер, нягледзячы на паважаны ўзрост, захоўвае жыццёвы аптымізм і бадзёрасць духу, якія спадарожнічалі ёй на ўсім яе жыццёвым шляху. У гэтым пераканаліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. У. Стома, намеснік камісара райваенкамата В. С. Заяц, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Г. М. Філатава, якія завіталі ў госці да пажылой жанчыны, каб павіншаваць яе са святамі, уручыць віншавальныя ліст ад Прэзідэнта краіны і паштоўку ад старшыні райвыканкама, юбілейны медаль “70 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Яны пажадалі Ірыне Дамінікаўне здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.


