За кожным прафесійным поспехам жанчыны стаіць унутраны рэсурс, які нараджаецца дома. Для шматдзетнай маці Анастасіі Гінько менавіта трывалая сувязь паміж пакаленнямі і безумоўная вера блізкіх сталі тым падмуркам, на якім трымаюцца і кар’ерныя дасягненні, і сямейны дабрабыт.
Адказнае рашэнне дзеля блізкіх
Прафесійны шлях Анастасіі — гэта гісторыя пастаяннага развіцця. Яшчэ пасля школы яна пачала працаваць аператарам ЭВМ у Шаркаўшчынскім райспажыўтаварыстве і паралельна завочна вучылася ў Гомельскім гандлёва-эканамічным універсітэце па спецыяльнасці «Бухгалтарскі ўлік і аўдыт». Пасля атрымання дыплома ў 2008 годзе працавала галоўным бухгалтарам і спецыялістам у райкаме БРСМ, а потым перайшла ў раённую падатковую інспекцыю.За час працы Анастасія тройчы схадзіла ў дэкрэтны водпуск. Пакуль яна гадавала дзяцей, адбылася рэарганізацыя — Шаркаўшчынскую інспекцыю далучылі да Глыбоцкай. Выйшаўшы з трэцяга дэкрэту, Анастасія чатыры гады адпрацавала там рэферэнтам, а затым яшчэ год — начальнікам аддзела камеральных праверак. Аднак сумяшчаць напружаны графік у Глыбокім і выхаванне траіх дзяцей стала вельмі складана. Таму ў кастрычніку 2025 года Анастасія прыняла рашэнне вярнуцца на працу ў родны гарадскі пасёлак. Зараз яна працуе бухгалтарам па фінансавых разліках у Шаркаўшчынскім раённым цэнтры для забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, што дазваляе ёй надаваць максімум увагі любімай сям’і.
Дваццаць гадоў разам
Надзейнай апорай для Анастасіі з’яўляецца яе муж Дзмітрый, таксама мясцовы жыхар. Ён 17 гадоў адпрацаваў электраманцёрам у Шаркаўшчынскім раённым аддзеле Дэпартамента аховы, а потым набываў вопыт электрамантажніка на будаўнічых аб’ектах у Мінску. Зараз Дзмітрый працуе электраманцёрам на Шаркаўшчынскім участку філіяла «Энергазбыт».
Сёлета ў верасні Анастасія і Дзмітрый адзначаць прыгожую дату — 20 гадоў сумеснага жыцця. Яны абодва выраслі ў шматдзетных сем’ях, добра ведаюць цану ўзаемавыручкі. Яшчэ на пачатку сумеснага жыцця маладая сям’я жыла разам з бацькамі Анастасіі. Менавіта тады, калі старэйшая дачка Ліза была маленькай, і зарадзілася іх трывалая сямейная згуртаванасць. Сёння сям’я мае ўласную кватэру на вуліцы Максіма Горкага, а таксама дом у вёсцы Буйкі, рамонтам якога Дзмітрый займаецца асабіста.
Дзеці — галоўны гонар бацькоў
Дзеці —найвялікшая радасць бацькоў, і кожны з іх — ужо яркая асоба са сваімі інтарэсамі.
Старэйшай Лізе 19 гадоў, яна перайшла на 3-ці курс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў , дзе вывучае англійскую і французскую мовы. Дзяўчына лёгка сумяшчае складаную вучобу ў сталіцы з музыкай і мастацтвам: за плячыма ў яе музычная школа па класе акардэона, у руках — гітара, а ў навушніках — любімыя мелодыі. Ліза выдатна спявае і карыстаецца кожнай магчымасцю праявіць сябе — удзельнічае ў мерапрыемствах універсітэта і выступае ў хоры папулярнага праекта «Спяём разам». А калі хочацца цішыні і адпачынку, яна бярэ ў рукі алоўкі і стварае выразныя малюнкі ў стылі анімэ
13-гадовы Іван перайшоў у 8-ы клас сярэдняй школы № 1. Ён прыносіць са школы добрыя адзнакі і праводзіць час максімальна актыўна. Яго галоўнае захапленне — футбол. А яшчэ Ваня разам з сябрамі гатовы цэлымі днямі круціць педалі, даследуючы на веласіпедах наваколле роднага гарадскога пасёлка.
Самая малодшая, 9-гадовая Аляксандра — сапраўдны сонечны праменьчык, вельмі добрая і камунікабельная дзяўчынка. Яна літаральна заваёўвае сцэну: Саша перайшла ў 3-ці клас харэаграфіі Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў і ўжо ўпэўнена дорыць гледачам свае яркія танцы. А яшчэ яна з задавальненнем наведвае раённы цэнтр рамёстваў, лепіць з гліны і малюе.
—Мы стараемся прывіваць дзецям правільныя каштоўнасці, выхоўваем іх у строгасці, — шчыра кажа Анастасія. — Яны выраслі вельмі дружнымі, самастойнымі і заўсёды падтрымліваюць адзін аднаго. Мы як бацькі імі вельмі ганарымся.
Сувязь пакаленняў і агульныя перамогі
Калі спытаць у Анастасіі, у чым сіла іх сям’і, яна без ваганняў назаве сваю маці — Надзею Аляксандраўну Касцючэнка. Гэта чалавек-рухавік, чыёй энергіі хапае на ўсіх вакол. Надзея Аляксандраўна зараз на заслужаным адпачынку, але яе будням пазайздросціць любы малады чалавек. Яна спявае ў знакамітым мясцовым вакальным гурце «Яблынька», выпякае неверагодныя торты на заказ, ад якіх у захапленні ўся Шаркаўшчына, і паспявае даглядаць вялікі агарод. Але галоўная яе любоў — гэта ўнукі. Усе выхадныя і канікулы дзеці праводзяць у бабулі. Гэтая традыцыя нарадзілася яшчэ тады, калі маладая сям’я Гінько жыла разам з бацькамі Насці і гадавала маленькую Лізу. З таго часу сувязь паміж пакаленнямі стала настолькі моцнай, што праводзіць час разам для іх — натуральная патрэба. Дзеці з маленства бачаць перад вачамі жывы прыклад таго, што сям’я — гэта не проста слова, а месца, дзе цябе заўсёды чакаюць і разумеюць без лішніх тлумачэнняў. Калі выдаецца агульны вольны час (якога ў сучасным рытме жыцця заўсёды не хапае), сям’я Гінько не любіць сядзець на месцы. Часцей за ўсё іх можна сустрэць на ўчастку ў Буйках. Там сумесныя рамонтныя клопаты і будаўніцтва лёгка ператвараюцца ў актыўны адпачынак на прыродзе з гульнямі і размовамі. А калі хочацца змяніць абстаноўку, яны здымаюцца з месца і едуць у Мінск у госці да старэйшага брата Анастасіі. Такія паездкі — заўсёды маленькае свята з паходамі на выставы, канцэрты і розныя дзіцячыя забавы.
Такая згуртаванасць прыносіць і прызнанне. У 2022 годзе сям’я Гінько перамагла ў раённым конкурсе «Сям’я года» і заваявала прыз глядацкіх сімпатый на абласным этапе, прадстаўляючы падатковую інспекцыю. А ў мінулым годзе яны паўтарылі гэты поспех, атрымаўшы прыз глядацкіх сімпатый на абласным конкурсе «Традыцыі сям’і». Поспех гэтай сям’і яшчэ раз даказвае: калі ёсць шчыры клопат і моцная сувязь паміж пакаленнямі, любыя жыццёвыя задачы вырашаюцца лёгка.


