У пачатку тыдня прыйшла прыемная навіна — у раёне з’явіўся першы тысячнік на жніве. Вадзіцель ААТ «Княж» Віктар Красько на аўтамабілі МАЗ-555 перавёз звыш адной тысячы тон зерня ад камбайнаў.
Павіншаваць перадавіка з працоўнай перамогай прама на зернеток накіраваліся прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскіх арганізацый. Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Варона ўручыў Віктару дыплом, пажадаў і надалей не страчваць лідзіруючых пазіцый. Да слоў віншаванняў далучыліся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат, член раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Тэрэса Міштоўт, кіраўніцтва і прафкам сельгаспрадпрыемства. Віктар Красько акрамя каштоўных падарункаў атрымаў і грашовыя прэміі.
— Цвёрда ўпэўнены, што ў нашай гаспадарцы будзе яшчэ не адзін тысячнік на жніве, — адзначыў дырэктар гаспадаркі Уладзімір Буда. — Наперадзе значныя плошчы зерневых культур для абмалоту.
— Спыняцца на дасягнутым не збіраюся, буду крочыць да новых працоўных вышынь, — прамовіў Віктар Красько. — Нягледзячы, што мой аўтамабіль эксплуатуецца шмат гадоў, трымаю тэхніку ў дагледжаным стане, своечасова рамантую, а перад уборачнай кампаніяй як след праверыў усе вузлы і агрэгаты, каб падчас жніва не было прастояў.
Пасля ўручэння падарункаў, слоў віншаванняў і песень, падораных перадавіку работнікамі культуры, Віктар завёў рухавік свайго МАЗа і рушыў у чарговы рэйс.
Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, стала вядома, што камбайнер гэтай жа гаспадаркі Аляксандр Мацкевіч пераадолеў тысячны рубеж па намалоце зерневых. Яго калега з ААТ «Агратэхсэрвіс» Андрэй Корсак таксама адправіў у дзяржаўныя засекі звыш тысячы тон зерня. Да кагорты тысячнікаў далучыўся і вадзіцель Яўген Рагачэўскі з вышэй узгаданай гаспадаркі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

