У ААТ «Агратэхсэрвіс» працуюць дзесяць маладых спецыялістаў на розных пасадах. Падчас рабочага візіту ў гаспадарку старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Дзіканава мела магчымасць пагутарыць з некаторымі.
Алёна Маісеенка ў мінулым годзе пасля заканчэння Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа па размеркаванні вярнулася на малую радзіму і ўладкавалася бухгалтарам у ААТ «Агратэхсэрвіс». Гаспадарка своечасова ажыццявіла ўсе патрэбныя выплаты маладому спецыялісту. У бліжэйшых планах дзяўчыны — стаць у чаргу і атрымаць арэнднае жыллё. Алёна вырашыла не спыняцца на дасягнутым і без адрыву ад вытворчасці паступіла на завочнае аддзяленне Полацкага дзяржаўнага універсітэта імя Е. Полацкай. Дзяўчына ўсур’ёз плануе застацца жыць і працаваць у Шаркаўшчыне. У вольны час Алёна захапляецца спортам, двойчы на тыдзень гуляе ў валейбол.
Сяргей Морхат таксама нарадзіўся ў нашым раёне. Сёлета скончыў Глыбоцкі дзяржаўны каледж. Першае месца працы юнака — таксама ААТ «Агратэхсэрвіс».
— Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства даверыла мне грузавы аўтамабіль МАЗ, — кажа юнак. — Працую менш месяца, з 22 ліпеня, але агульную мову са спецыялістамі і больш вопытнымі калегамі знайшоў адразу. Вадзіцелі са стажам на практыцы дапамагаюць мне, падказваюць, як разабрацца ў дэталях, механізмах. Работа мне вельмі падабаецца. У хуткім часе чакаю павестку аб прызыве ў армію. Пасля праходжання тэрміновай службы і дэмабілізацыі абавязкова вярнуся на сваё першае працы.
— Гледзячы на такіх шчырых і энергічных, улюбёных у сваю справу маладых спецыялістаў, разумееш: будучыня вёскі ў надзейных руках, — падкрэсліла Таццяна Дзіканава.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

