Ёсць на карце мясціны, якія афіцыйна лічацца знікаючымі.
Путраніца, Ломачына, Васілева і Баравое на Віцебшчыне, Лужкоўскі сельскі савет — чатыры кропкі з малым лікам прапісаных жыхароў, дзе ўзімку часам чутны толькі вецер у старых садах. Але статыстыка хлуслівая. Для тых, хто тут нарадзіўся, зрабіў першы крок па расістай траве ці сустрэў першае каханне, гэтыя вёскі знікнуць не могуць. Яны жывуць у сэрцы, а з надыходам вясны і лета ажываюць дзякуючы тым, для каго малая радзіма — гэта не кропка на GPS, а пульсуючая нітка лёсу. Як птушкі ляцяць да родных мясцін, так і былыя і мясцовыя жыхары весак сустракаюцца на Радуніцу на могілках у Васілеве.
І вось у гэтым годзе 23-га жніўня упершыню адбылася сустрэча землякоў чатырох названых вёсак па ініцыятыве старшыні Лужкоўскага сельскага савета Таццяны Мікалаеўны Краснадубскай і дапамозе ўладкаваць не проста сход грамадзян, а сапраўднае Свята сустрэчы. Адбылося Свята, калі ўмоўныя межы паміж суседнімі вёскамі сціраюцца, ператвараючыся ў адзіную прастору агульнай памяці. Арганізаваць такую падзею далека ад райцэнтра Шаркаўшчыны — задача няпростая, але артысты мясцовага дома культуры Грыдзюшка С.М., Красавіна Э.В., Арэхава Е.Г., Гамановіч С.А.,Каснікоўскі І.Э. справіліся бліскуча. Яны прывезлі з сабой не толькі гукавую апаратуру, але і тую самую шчырую, ідучую ад зямлі энергію, без якой вясковае свята немагчыма. Пад іх песні людзі не толькі пляскалі ў далоні , але і танчылі і парамі, і ў коле, забыўшыся пра ўзрост і статус.. Сцэна разгарнулася проста пад адкрытым небам, сярод кветак і векавых дрэў, на двары ў руплівых гаспадароў Радзівонавых
Цырымонія ўзнагароджання стала сэнсавым стрыжнем дня. Арганізатары падрыхтавалі граматы, кветкі і падарункі, але галоўным падарункам была ўвага. Узнагароды знаходзілі сваіх герояў абсалютна заслужана:
Старажылы прымалі віншаванні як жывыя захавальнікі часу, якія помняць вёскі зусім іншымі — шумнымі, шматлюднымі, поўнымі дзіцячага смеху.
Сямейныя пары, якія жывуць тут сёння, атрымалі прызнанне за іх штодзённы выбар — заставацца, працаваць і берагчы родны кут насуперак бегу часу.
Актывісты мясцовага самакіравання — сціплыя людзі, якія дапамагаюць расчышчаць дарогі ад снегу, сачыць за парадкам ля помнікаў і арганізоўваць быт, — былі названы апорай сучаснага вясковага жыцця.
Калі афіцыйная частка скончылася, свята плаўна перацякло са сцэны проста ў жыццё. Яго эпіцэнтрам стаў прасторны двор гасцінных гаспадароў Радзівонавых. Тут, за доўгімі сталамі, накрытымі простымі, але шчодрымі пачастункамі, сцёрлася апошняя дыстанцыя паміж сцэнай і залай, паміж мінулым і сучаснасцю.
Гэта быў той самы рэдкі фармат зносін, які немагчыма аднавіць у горадзе. Душэўныя размовы ліліся ракой. Успаміналі ўжо не існуючыя хаты, называлі суседзяў, якіх няма на свеце ўжо шмат гадоў, пазнавалі адно аднаго праз доўгія гады разлукі і адшуквалі агульныя карані сямейных дрэў.
У гэты дзень не было ні кропкі штучнасці — толькі чыстая радасць пазнання сваіх.





