На МТФ «Пялікі» ААТ «Даватарскі» уведзены ў эксплуатацыю прафілакторый для цялят

Общество Сельское хозяйство

Чыста, утульна, камфортна

У такіх умовах працуюць работнікі і ўтрымліваецца маладняк буйной рагатай жывёлы прафілакторыя малочнатаварнай фермы «Пялікі» ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Даватарскі».

Аб’ект нядаўна здадзены ў эксплуатацыю. Яго ўзвядзеннем займаліся рабочыя будаўнічай брыгады сельгаспрадпрыемства, а размешчанае ў ім абсталяванне цалкам айчыннай вытворчасці. Гэта акалічнасць у значнай ступені паспрыяла зніжэнню кошту аб’екта.

У памяшканні ў кожнага цяляці асобная клетка, на подсціл выкарыстоўваецца салома, якая рэгулярна мяняецца. Працуюць дзве жанчыны-жывёлаводы: Аксана Кулакоўская і Надзея Арлова, якія пільна сочаць за сваімі гадаванцамі.

— Для аблягчэння працы выкарыстоўваецца малочнае таксі, — тлумачыць загадчыца МТФ Святлана Ісаева. — Яно прыстасавана для выпайкі цялят, дапамагае правільна прыгатаваць сумесь, каб у маленькіх гадаванцаў максімальна засвойваліся вітаміны і карысныя рэчывы. З першых дзён жыцця цялят кормім малозівам. Выпайку праводзім са спецыяльных кармушак, абсталяваных соскамі. Для кармлення выкарыстоўваем таксама камбікорм КР-1.

Як падкрэсліла жывёлавод Надзея Арлова, якая шмат гадоў занята ў гэтай сферы, у камфортных умовах праца прыносіць задавальненне. Галоўнае — якаснае, своечасовае кармленне і догляд за маладняком.

У ААТ «Даватарскі» на малочнатаварнай ферме «Валожынкі» ідзе рэканструкцыя аднаго з памяшканняў, якое ў хуткім часе будзе пераабсталявана пад прафілакторый для маленькіх цялят. Гэта, у сваю чаргу, паспрыяе захаванасці маладняку буйной рагатай жывёлы, а праз некаторы час і павелічэнню дойнага статка.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.