Тры дзесяцігоддзі свайго працоўнага жыцця справе камбайнера прысвяціў механізатар адкрытага акцыянернага таварыства «Даватарскі» Мікалай Баговіч (на здымку).
— Убіраць збажыну я пачынаў на камбайне «Енісей-1200» у сярэдзіне 1990-х гадоў, — успамінае мужчына. — Па тых часах гэта была выдатная тэхніка, на гусенічнай хадзе, якая дазваляла абмалочваць хлеб на пераувільготненых глебах. Потым атрымаў у кіраванне «Дон-1500» з шырынёй жаткі 6 метраў. З цягам часу з канвеера завода «Гомсельмаш» сталі схадзіць айчынныя камбайны, якія ні ў чым не ўступалі расійскім аналагам. Апошнія чатыры сезоны працую на «Палессе» КЗС-1218. Усе вузлы і агрэгаты ў тэхніцы працуюць бездакорна, галоўнае — уважліва сачыць за камбайнам.
Мікалай — чалавек, шчыра ўлюбёны ў сваю зямлю, малую радзіму. Вясною ён рыхтуе глебу пад сяўбу на трактары «Беларус-1221», улетку косіць травы, займаецца корманарыхтоўчымі работамі, а з пачаткам жніва зноў перасаджваецца за штурвал камбайна, каб сабраць вырашчаны ўраджай.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
