Яе праца — прыклад для многіх

Общество

 

Далёка не кожны чалавек працоўную частку свайго жыцця прысвячае той рабоце, якая, у першую чаргу, прыносіць задавальненне не сабе, а ідзе на карысць іншым людзям.

Мы сустрэлі такую жанчыну ў аграгарадку Шыці, а завуць яе Ганна Дарашчонак. З выгляду сціплы, але вельмі шчыры і гасцінны чалавек. У гутарцы даведаліся, што нарадзілася Ганна ў гэтых жа мясцінах у далёкім 1946 годзе. Пасляваеннае дзяцінства і юнацтва не давалі магчымасці трапіць у горад, каб набыць прафесію, звязанаю з цывільным жыццём. У той час трэба было працаваць на зямлі, каб пракарміць сям’ю. Вось і Ганна пасля заканчэння мясцовай школы пайшла працаваць у паляводства: уручную церабіла і абмалочвала лён, жала жыта і пшаніцу, на конях вазіла ўгнаенні, сціртавала салому і сена.

— Аднойчы запрасіў мяне ў кабінет старшыня калгаса, прапанаваў узначальць вытворчую брыгаду, — успамінае жанчына. — Адукацыі ў мяне не было, арганізацыйнымі навыкамі я не валодала. Але ж згуртаваць людзей, каб выканаць пэўную работу, трэба было абавязкова. Тады на выручку прыходзілі прадстаўнікі старэйшага пакалення і сам кіраўнік сельгасарцелі аказваў дапамогу. Пакрысе набіралася вопыту, паступіла на завочнае аддзяленне Лужаснянскага саўгаса-тэхнікума імя Сурганава. У той час у краіне імклівымі тэмпамі ішло асушэнне зямель. Працэс меліярацыі закрануў і нашу мясцовасць, сотні забалочаных гектараў вярталіся ў севазварот. Павялічваліся пасяўныя плошчы. Так як без адрыву ад вытворчасці я набывала адукацыю, мяне прызначылі на пасаду агранома, кантралявала ход меліярацыйных работ. І тут практычную дапамогу аказвалі вопытныя работнікі, бо цяжка было без ведання справы зразумець працэс укладкі дрэнажу.

Ішоў час, Ганну пакахаў калгасны механізатар Міхаіл, з якім згулялі вяселле. Першай у сям’і нарадзілася дачка Таццяна, затым на свет з’явілася Марына, а самая малодшая — Святлана. Нягледзячы на працоўную занятасць, хатнія турботы, Ганна змагла завочна атрымаць далейшую адукацыю, у Мінску жанчына скончыла Вышэйшую партыйную школу. Гэта дазволіла ёй працаваць сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса. Нават на заслужаным адпачынку яшчэ на працягу дванаццаці гадоў загадвала жывёлагадоўчай фермай у вёсцы Зябліны. Агульны працоўны стаж Ганны Дарашчонак налічвае 49 гадоў, амаль паўстагоддзя.

З юбілейнай датай нараджэння матулю і бабулю павіншавалі дзеці і ўнукі, сябры і знаёмыя людзі. Завіталі з віншаваннямі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Варона разам са старшынёй раённага савета ветэранаў Ірынай Міхалёнак. Яны ўручылі імянінніцы Падзяку за подпісам кіраўніка раёна Сяргея Кашмілы, падарылі кветкі і выказалі мноства слоў з пажаданнямі здароўя, даўгалецця і аптымізму.

Сяргей РАЙЧОНАК