Шаркаўшчына на гісторыка-культурнай карце Беларусі

Новости Витебщины Общество

Ад таямніц паходжання мясцовых прозвішчаў да касмічных вышынь у творчасці Язэпа Драздовіча — фестываль «Яблычны фэст» у Шаркаўшчыне стаў пляцоўкай для глыбокага навуковага дыялогу. Круглы стол «Шаркаўшчына на гісторыка-культурнай карце Беларусі» яскрава прадэманстраваў, што акадэмічная навука і шчырая любоў да роднага краю здольныя даць магутны штуршок для развіцця турыстычнага і культурнага патэнцыялу нашага рэгіёна.
Дзякуючы сумесным намаганням навукоўцаў і арганізатару і вядучай круглага стала, галоўнаму спецыялісту райыканкама Наталлі Арэшкавай мерапрыемства прайшло на адным дыханні. Для ўдзелу ў дыскусіі разам з навуковымі супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі былі запрошаны прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі і неабыякавыя шаркаўчане.Падчас пасяджэння круглага стала ўдзельнікі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў. Даследчыкі і госці здзейснілі сапраўднае падарожжа ў часе і прасторы: пачынаючы з захапляльнай тэмы «Пра што распавядаюць прозвішчы жыхароў Шаркаўшчынскага раёна» і заканчваючы касмізмам у творчасці знакамітага земляка Язэпа Драздовіча, а таксама непаўторнай паэтычнай палітрай Пятра Касцюкевіча .Важнай часткай сустрэчы стала прызнанне заслуг тых, хто штодзённа працуе над захаваннем спадчыны Шаркаўшчынскага краю. Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў уручыў высокія акадэмічныя ўзнагароды мясцовым жыхаркам за іх важкі ўклад у развіццё рэгіёна. Ганаровымі граматамі Нацыянальнай акадэміі навук былі адзначаны: Наталля Арэшкава — галоўны спецыяліст Шаркаўшчынскага райвыканкама; Наталля Перхуровіч — загадчык філіяла «Мемарыяльны музей садавода-селекцыянера І, П. Сікоры»; Людміла Казіцкая — бібліятэкар Шаркаўшчынскай дзіцячай бібліятэкі; Святлана Заіка — кіраўнік народнай студыі майстроў «Талака»; Людміла Навіцкая — дырэктар установы культуры «Мастацка-этнаграфічны музей імя Я. Н. Драздовіча».
Круглы стол, які прайшоў у дзень самага яркага і маштабнага свята шаркаўшчынскага краю — традыцыйнага «Яблычнага фэсту», пераканаўча паказаў, што багатая гісторыя і самабытная культура нашага раёна — гэта не проста мінулае, а жывы і трывалы падмурак для будучых навуковых і турыстычных адкрыццяў.

МЕРКАВАННЕ:

Навум Гальпяровіч, вядомы беларускі паэт і публіцыст, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, намеснік дырэктара канала «Культура» Беларускага радыё і аўтар папулярнага тэлепраекта «Суразмоўцы»:
— Для мяне Шаркаўшчына — край блізкі і знаёмы, куды пасля доўгага перапынку вельмі цёпла вяртацца. Мае журналісцкія дарогі прывялі сюды яшчэ ў сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя: памятаю свой рэпартаж для рэспубліканскага радыё са знакамітага сада Івана Сікоры ў Алашках, сустрэчы з таленавітымі германавіцкімі краязнаўцамі Адай Райчонак і Кліменціем Кожанам.Гэтая зямля багатая на адметных людзей. Невыпадкова героямі маёй праграмы «Суразмоўцы» ў розныя гады станавіліся менавіта шаркаўчане: настаяцель Свята-Успенскага храма Мікалай Войтаў,  кіраўнік літаратурнага клуба «Світанак» Ала Клакоўская, письменнік Міледзій Кукуць. Праз столькі гадоў прыемна зноў бываць у гэтых мілых сэрцу мясцінах, бачыць, як зберагаецца памяць і як падрастае новае, перспектыўнае пакаленне.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.