Флагманы княжаўскіх палеткаў

Сельское хозяйство

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Княж», якое сёлета з’яўляецца лідарам па колькасці сабранага зерня, вызначыліся чарговыя камбайнеры-тысячнікі.

Рубеж у 1000 тон пераадолелі механізатары Міхаіл Андзілеўка і Віктар Хаданёнак. Намалот Міхаіла склаў 1363 тоны, а Віктар адправіў у дзяржаўныя засекі 1130 тон зерня ўраджаю 2026 года.

Павіншавалі хлебаробаў са знакавай падзеяй старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат, кіраўнік ААТ «Княж» Іван Камзакаў і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Таццяна Бохан. Перадавікам жніва за добрасумленную працу, дасягненне высокіх вынікаў па намалоце зерневых і рапсу ўручаны падзякі і грашовыя прэміі.

— Больш за трыццаць сезонаў я ўбіраю збажыну, — расказаў Віктар. — Справу сваю люблю, бо ўборачная кампанія завяршае сельскагаспадарчы год. Цяпер мы падводзім прамежкавыя вынікі таго, як спрацавалі вясной пры сяўбе зерневых культур і летам пры доглядзе за імі. Хоць і знаходжуся на заслужаным адпачынку, лічу, што дапамагчы гаспадарцы ў такі перыяд абавязкова трэба.

Шмат гадоў за штурвалам камбайна працуе і Міхаіл. Сёлета кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства даверыла механізатару новы «Палессе» КЗС-1218. Мужчына сваёй стараннай працай апраўдаў такі высокі давер.

— Сёлетняя ўборачная кампанія прайшла на высокім арганізацыйным узроўні, — адзначыў Міхаіл. — Не было перабояў з гаручазмазачнымі матэрыяламі, запаснымі часткамі, своечасова дастаўлялі на поле маханізатарам гарачыя абеды. Надвор’е таксама амаль не падводзіла, што дазволіла нам завяршыць жніво ў аптымальныя агранамічныя тэрміны, унесці важкі ўклад у агульны раённы каравай.

Ужо цяпер мясцовыя аграрыі закладваюць аснову ўраджаю будучага года. У гаспадарцы звыш запланаванага пасеяны рапс, працягваецца сяўба азімых зерневых, сваёй чаргі чакае ўборка кукурузы

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.