Актывісты БРСМ з Шаркаўшчыны на Дні моладзі ў рамках фестывалю «Славянскі базар у Віцебску»

Актуальное

12 ліпеня ў рамках міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” прайшоў Дзень моладзі. Пачаўся ён з параду маладзёжных субкультур пад назвай “БелаРусь у Сэрцы Маім”. Падчас урачыстага шэсця, у якім сярод прадстаўнікоў шматлікіх рэгіёнаў нашай краіны прымала ўдзел і дэлегацыя з дваццаці трох чалавек, актывістаў БРСМ Шаркаўшчынскага раёна, моладзь прэзентавала свае папулярныя аб’яднанні. Прайшоўшы шлях ад летняга амфітэатра да Плошчы Перамогі, усе юнакі і дзяўчаты сталі ўдзельнікамі патрыятычнай акцыі “Мы памятаем і ганарымся!”. Моладзь, усклаўшы кветкі да Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе, хвілінай маўчання ўшанавала памяць загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны. Затым на канцэртнай пляцоўцы Плошчы Перамогі распачаўся шэраг забаўляльных конкурсных спартыўных і музычных праграм. Сярод іх фестываль “Агонь танца”, выставы “Рэтрааўтамабіль”, “Супербайк” і іншыя. А з 20 да 24 гадзін прайшла дзясятая, юбілейная “Бітва Дзі-Джэяў”, падрыхтаваная пры падтрымцы радыёстанцыі “Пілот “FM”.

Цікава і з карысцю правялі свой вольны час на міжнародным фестывалі мастацтваў актывісты маладзёжнай арганізацыі БРСМ з Шаркаўшчыны. А ўдзел у патрыятычнай акцыі, несумненна, запомніцца ім надоўга.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *