Сушыльныя гаспадаркі рыхтуюцца да прыёмкі ўраджаю

Сельское хозяйство

так будзе выглядаць збожжасушыльны комплекс тыпу КЗСВ-30 у ААТ "Васюкі"

Не так шмат часу застаецца чакаць, пакуль даспее на палях рапс. Гэта такая культура, якая не церпіць прамаруджвання пры яе ўборцы. Каб не высыпалася насенне, трэба ўбіраць хутка і якасна. А там і збожжавыя падаспеюць. Таму для прыёмкі новага ўраджаю павінны быць падрыхтаваны сушыльныя гаспадаркі — комплексы ачышчаны ад смецця, дзе патэбна — падрамантаваны, у складах праведзена дэзінфекцыя. Практычна ў кожным сельгаспрадпрыемстве клапоцяцца, каб было куды прымаць вырашчаны ўраджай. Напрыклад, у ААТ “Даватарскі”, каб не псавалася зерне на пляцоўцы, дабудавалі да сушылкі тыпу КЗСВ-30 дадатковую ёмістасць для захоўвання збожжа. Практычна новая сушыльная гаспадарка ў ААТ “Княж”, другая па ліку ўступіць у строй у ААТ “Жвіранка”.

брыгада будаўнікоў ААТ “Васюкі” Алег Лаўрыновіч, Віктар Аляхновіч і Павел Казлоўскі

Патрабуе абнаўлення збожжасушыльны комплекс у ААТ “Ельня-Агра”, адной сушылкі недастаткова ў ААТ “Агратэхсэрвіс” і КУВСП “Гарадец”. А вось у ААТ “Васюкі” да гэтага года не было на чым сушыць збожжа і даводзілася арэндаваць у іншых гаспадарках. Гэта было не толькі не зручна, але і затратна. Сёлета такая праблема будзе вырашана. Велічны, новенькі, пераліваецца на сонцы збожжасушыльны комплекс, на якім работы на стадыі завяршэння. Сустрэліся з прарабам гаспадаркі Сяргеем Якімовічам. Ён паведаміў, што мантаж устаноўкі заканчваюць спецыялісты з Лідскага агратэхсэрвіса Гродзенскай вобласці. А работы па падрыхтоўцы пад’ездаў, пляцовак выконвае мясцовая брыгада будаўнікоў у складзе А. Лаўрыновіча, В. Аляхновіча і П. Казлоўскага. Так што да прыёмкі новага ўраджаю застаецца, як кажуць, адзін крок.

Кацярына СОСНА.

Фота Сяргея Райчонка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *