17 студэнтаў Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» акадэміі ветэрынарнай медыцыны праходзяць вытворчую практыку ў сельгаспрадпраемствах раёна.
Каб ведаць, якія пытанні хвалююць моладзь, у якіх умовах працуюць і пражываюць будучыя маладыя спецыялісты, кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Кашміла сустрэлася са студэнтамі-старшакурснікамі.
— Пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна заўсёды знаходзяцца пад нашай пільнай увагай. Так, у ААТ «Княж» сёлета будзе здадзены ў эксплуатацыю сучасны малочнатаварны комплекс, пачалося будаўніцтва МТК у КУВСП імя Маркава, плануецца аналагічны аб’ект узвесці ў ААТ «Даватарскі». Працягваецца комплекснае развіццё аграгарадка Германавічы, тут з’явіцца 25-кватэрны жылы дом. Плануецца таксама пабудаваць 40-кватэрны дом у Шаркаўшчыне. Увод у эксплуатацыю жылля ў значнай ступені вырашыць пытанне замацавання маладых спецыялістаў, у тым ліку і ў сельскагаспадарчай сферы, — падкрэсліў Сяргей Кашміла.
Студэнты цалкам задаволены ўмовамі пражывання, якія ім прапанавала адміністрацыя гаспадарак. За кожнай групай практыкантаў замацаваны вопытныя спецыялісты з ліку прафесіяналаў райветстанцыі і ветэрынараў сельгаспрадпрыемстваў, якія на ўласным прыкладзе паказваюць моладзі, як правільна выяўляць хваробу ў жывёлы і потым яе лячыць.
Магчыма, што ў хуткім будучым некаторыя студэнты з гэтай кагорты вернуцца ў Шаркаўшчынскі раён, каб звязаць свой лёс з нашым рэгіёнам, сваёй працай прыносіць карысць грамадству.






Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
