Пра патрабаванні да апрацоўкі розных тыпаў глебы для сяўбы сельгаскультур, накіраваных на стварэнне аптымальных умоў для росту і развіцця раслін, ішла гаворка падчас выязной нарады з удзелам першага намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Сяргея Ляўковіча і памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектара па Віцебскай вобласці Уладзіміра Юргевіча.
Для правядзення нарады Шаркаўшчынскі раён быў выбраны невыпадкова. Тут, а часткова і ў суседніх рэгіёнах заходняй часткі Віцебшчыны, вельмі цяжкія глебы. Менавіта суглінкі з’яўляюцца значнай перашкодай пры правядзенні палявых работ. Як падкрэсліў Сяргей Ляўковіч, нідзе ў Беларусі няма больш такіх зямель, на апрацоўку якіх патрабуюцца значныя эканамічныя затраты.
У краіне маецца шэраг прадпрыемстваў дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, якія займаюцца вырабам сельскагаспадарчай глебаапрацоўчай тэхнікі. Яе ўзоры, а ў рэспубліцы іх налічваюцца толькі адзінкі, прадставілі ў практычнай частцы нарады. Гэта Віцебскі маторарамонтны завод, Ціраспальскі агратэхсэрвіс, вялікію лінейку прадукцыі прадставіў гандлёвы дом «Амкадор», Мінойтаўскі рамонтны і Калінкавіцкі механічны заводы, «Бабруйскаграмаш» і шэраг іншых.
Участак поля, дзе праходзілі выпрабаванні тэхнікі, часткова быў апрацаваны, на другім участку праходзілі іспыт агрэгаты, зробленыя для безадвальнай апрацоўкі глебы. За працэсам пільна сачылі не толькі старшыні райвыканкамаў і іх намеснікі па сельскай гаспадарцы, але і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, якія добра ведаюць структуру палёў у сваіх гаспадарках і могуць з дакладнасцю сказаць, якія агрэгаты найбольш падыходзяць для тых або іншых палеткаў.
Пра канструкцыю, характарыстыкі тэхнікі перад выпрабаваннем расказвалі прадстаўнікі прадпрыемстваў-вытворцаў. Затым работа агрэгатаў дэманстравалася ў дзеянні. Кожны бачыў станоўчыя і адмоўныя бакі. Найперш, далёка не ўсё ішло гладка з-за сугліністай і вельмі пераўвільготненай глебы. Па-другое, на працягу многіх дзён у раёне ішлі моцныя дажджы, што наклала свой адбітак на ход глебаапрацоўчых работ.
На нарадзе прысутнічаў і даў свой аб’ектыўны каментарый кандыдат тэхнічных навук, вядучы спецыяліст па кансультацыйнай рабоце вучэбнага цэнтра Магілёўскага аблвыканкама Якаў Яроцкі. Спецыяліст дасканала ведае ўзоры айчыннай і замежнай сельскагаспадарчай тэхнікі. Ён адзначыў, што толькі сумеснымі намаганнямі, улічваючы ўсе плюсы і мінусы, можна дасягнуць станоўчага выніку ў пытаннях культуры земляробства. Нельга спасылацца на ўмовы надвор’я або шукаць іншыя прычыны, трэба працаваць, удасканальваць тэхніку, крочыць у нагу з часам.
Падводзячы вынікі нарады, Сяргей Ляўковіч падкрэсліў, у справе дапамогі аграрыям улада заўсёды ідзе насустрач. За апошні час трактарны парк гаспадарак вобласці значна павялічыўся. Гэта справа працягнецца і далей. Будуць закупацца прапанаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты і энерганасычаныя трактары. Галоўнае, каб тэхніка не прастойвала, а працавала на карысць дзяржаве.

Сяргей РАЙЧОНАК.

