У вёсцы Падліпкі Лужкаўскага сельсавета пражываюць Антон і Ангеліна Альшэўскія. Нягледзячы на тое, што гаспадары ў сталым узросце, сядзіба іх мае прывабны выгляд, з вясны і да позняй восені патанае ў рознакаляровых кветках.
Нагодай завітаць у гасцінны дом Альшэўскіх стаў юбілей гаспадара. Працоўны стаж мужчыны складае 46 гадоў. Толькі адзін гэты факт яскрава сведчыць пра тое, што ён вельмі руплівы і любую сялянскую справу выконвае выдатна.
— Працаваў я трактарыстам, вадзіцелем, малаказборшчыкам, — успамінае юбіляр, — у няпоўныя васямнаццаць гадоў давялося пабываць на далёкай цаліне, кіраваў там зернеўборачным камбайнам. Вярнуўшыся дадому, зноў пайшоў у свой калгас. За сумленную працу ўзнагароджаны ордэнам «Знак пашаны», знакам «Ударнік». Сваімі рукамі пабудаваў дом, а ў 1967 годзе ажаніўся з Ангелінай, з якой і цяпер жывём, дзелячы пароўну радасці і смутак.
Мы даведаліся, што мужчына ўзвёў не толькі ўласную сядзібу, але яшчэ быў арганізатарам і асноўным будаўніком капліцы на вясковых могілках.
Выхавалі дастойнымі людзьмі двюх дочак і сына. Дзяўчаты Клара і Іна абралі педагагічную дзейнасць, а Сяргей працуе вадзіцелем-міжнароднікам. Унукі — сапраўдны гонар дзядулі і бабулі. Яны вельмі любяць прыязджаць у Падліпкі, дзе жывуць родныя, дзе гаючае паветра.
Павіншаваць імянінніка завіталі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Варона і старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Міхалёнак. Яны ўручылі імянінніку падзяку за подпісам кіраўніка раёна Сяргея Кашмілы, падарылі кветкі і выказалі мноства слоў з пажаданнямі здароўя, даўгалецця і аптымізму.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

