У мэтах вызначэння і заахвочвання маладых сямей, якія дасягнулі высокіх вынікаў у добраўпарадкаванні і афармленні жылых дамоў, гаспадаранні на ўласных прысядзібных участках і для прыцягнення маладых сямей да рэалізацыі аграрнай дзяржаўнай палітыкі ў раёне праводзіцца конкурс на лепшы маладзёжны падворак “Уладар сяла-2014”. Пра гэта паведаміў нам намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Афанасьевіч Іваноў. Конкурс будзе праходзіць ў два этапы: спачатку да 10 жніўня павінны вызначыць лепшыя сем’і ў арганізацыях і прадпрыемствах раёна, а пераможцы ўнутрыкалектыўных конкурсаў пазмагаюцца ў фінальным этапе, які запланаваны на 23 жніўня ў Алашках.
Усе маладыя сем’і, якія перамаглі ва ўнутрыкалектыўных конкурсах і прынялі ўдзел у фінале раённага ўзнагароджваюцца Ганаровай граматай Шаркаўшчынскага райвыканкама з уручэннем грашовай прэміі ў памеры 1 мільёна 500 тысяч беларускіх рублёў. Тым, хто працуе ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах, будзе дадаткова выдзелены маладняк буйной рагатай жывёлы. Маладыя сем’і, якія зоймуць у фінале прызавыя месцы, будуць узнагароджаны дыпломамі і спецыяльнымі прызамі ў памеры да 5 базавых велічынь.
Для таго каб удзельнічаць у конкурсе, муж і жонка павінны жыць ў законным шлюбе і хаця б адзін з іх павінны знаходзіцца ва ўзросце да 31 года ўключна. Маладыя сем’і павінны пражываць на тэрыторыі населеных пунктаў Шаркаўшчынскага раёна. У выпадку, калі муж і жонка працуюць у розных працоўных калектывах, удзел у конкурсе залічваецца дзвюм арганізацыям. Унутрыкалектыўныя конкурсы праводзяцца там, дзе працуе спецыяліст па справах моладзі, а ад невялікіх калектываў і маладых сямей, якія пажадаюць самастойна прыняць удзел у конкурсе, заяўкі можна падаваць непасрэдна ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Заяўкі прымаюцца да 11 жніўня.
Дадатковую інфармацыю пра конкурс можна атрымаць у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама па тэлефонах: 4-15-56, 324-66-47 (Велком), 570-16-84 (МТС).
Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ.