Пра жыццёвы шлях Вітаўта і Веры Рамукоў апавядае краязнаўца з Германавіч Кліменцій Кожан

Актуальное

Вера і Вітаўт Рамукі

15 ліпеня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Вітаўта Рамука – актыўнага дзеяча па аб’яднанні беларусаў, пражываючых у ЗША, кіраўніка Беларускага каардынацыйнага савета. З ім асабіста быў знаёмы жыхар аграгарадка Германавічы, краязнаўца і педагог Кліменцій Кожан, які расказвае чытачам нашай газеты пра жыццёвы шлях знакамітага земляка:

— Нарадзіўся Вітаўт Рамук у Екацярынаславе (зараз Днепрапятроўск, Украіна). Яго бацькі, ураджэнцы Заходняй Беларусі, знаходзіліся там на часовых заробках. У 1922 годзе сям’я Рамукоў вярнулася на радзіму, дзе пасялілася ў мястэчку Ліпнішкі паблізу Ліды. У 1926-1930 гадах Вітаўт вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Яго выкладчыкам была вядомы педагог Алена Сакалова-Лекант. Вышэйшую адукацыю Вітаўт Рамук атрымліваў падчас навучання на біялагічным і медыцынскім факультэтах Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. У 1939 годзе на тэрыторыю Заходняй Беларусі прыйшла Чырвоная армія, усталявалася савецкая ўлада, універсітэт быў закрыты.

У час нямецка-фашысцкай акупацыі Вітаўт жыў у Лідзе, працаваў перакладчыкам у гарадской адміністрацыі, прымаў актыўны ўдзел у вызваленчым руху. Пасля капітуляцыі гітлераўскай Германіі ён перабраўся ў Заходнюю Еўропу, прадоўжыў вывучаць медыцыну ў Мюнхене і ў Лувенскім каталіцкім універсітэце (Бельгія).

Супярэчлівыя жыццёвыя абставіны прымушалі Вітаўта Рамука часта мяняць не толькі месца працы, але і месца жыхарства. Невялікі перыяд жыцця маладога навукоўца быў звязаны з Англіяй. Там ён працаваў намеснікам старшыні аб’яднання “Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі”. Затым зноў была Бельгія і праца ў брусельскім дзіцячым прытулку. У сярэдзіне 1950-х гадоў Вітаўт Рамук пераязджае ў Злучаныя Штаты, знаёміцца з дзяўчынай Верай – эмігранткай з роднай яму Беларусі, ураджэнкай Докшыцкага раёна. У 1958 годзе, звязаўшы свае лёсы ў адзін, Вітаўт і Вера вялі актыўную дзейнасць па аб’яднанні беларусаў Амерыкі. Разам працавалі ў Беларускім каардынацыйным камітэце, былі актывістамі ўніяцкага прыходу храма Хрыста Збаўцы і праваслаўнай царквы Святога Юр’і. Нашы землякі – ініцыятары сустрэч з прэзідэнтамі, палітыкамі і грамадскімі дзеячамі ЗША па пытаннях наладжвання двухбаковых культурных зносін паміж Злучанымі Штатамі і Беларуссю. У 1974 годзе Вітаўт і Вера Рамукі віталі ў Чыкага Марка Шагала на адкрыцці ў горадзе яго мазаікі “Поры года”, арганізоўвалі экспазіцыі работ мастакоў і канцэрты музыкантаў з нашай краіны.

У 1993 годзе Рамукі наведалі Беларусь, пабывалі ў Глыбокім, Полацку, Віцебску і іншых гарадах. Яны прынялі ўдзел у Першым з’ездзе міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Вось тады мне і надарылася выдатная магчымасць пазнаёміцца з Вітаўтам і Верай Рамукамі. Вера вельмі цікавілася, як жыве ў нас сельская інтэлігенцыя, асабліва настаўнікі. А Вітаўт распытваўся пра прычыны паступовага знікнення з паўсядзённага ўжытку беларускай мовы ў пасляваенны час.

Вітаўт і Вера Рамукі пражылі разам 52 гады. 9 сакавіка 2010 года доктар Вітаўт Рамук скончыў свой жыццёвы шлях. А праз два месяцы, 5 мая, у Чыкага перастала біцца сэрца яго вернай спадарожніцы жыцця – жонкі Веры. Памяць аб гэтых выдатных людзях доўга будзе жыць у сэрцах тых, хто іх ведаў і хто неабыякавы да ідэі зберажэння беларускай культурнай і духоўнай спадчыны.

Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *