Вёсачка мая, мая чараўніца… (свята вёскі ў Каўшэлеве)

Актуальное

удзельнікі святочнай праграмы

Лета — гэта тая пара, калі вёска ажывае, напаўняецца, як той вулей пчоламі, дзіцячымі галасамі. А ўсё таму, што на час летніх канікулаў прыязджаюць унукі з шумных гарадоў да дзядуль і бабуль у зацішныя вёскі. Свежае, чыстае паветра, лёгкі сонечны загар, купанне ў рэчцы ці ў любым вадаёме для гараджан найлепшыя ўцеха і забавы.

А паглядзіце, як радуюцца такім візітам бабулі і дзядулі, якое свята для іх кожны прыезд унукаў — да яго рыхтуюцца загадзя і асабліва дасканала. Іх да слёз кранае любая ўвага, любая магчымасць пачаставаць цукеркамі, самавыпечкамі, напаіць сырадоем або гарбатай, ці проста пагутарыць са сваімі крывіначкамі. Звярніце ўвагу на вочы старых: сумныя, пацьмянелыя, з якіх або ад радасці, або ад смутку капае слязінка. Жанчыны змахнуць яе з маршчыністай шчакі, акружаць сваіх родных любоўю і бацькоўскім клопатам і цяплее на душы ў адных і другіх, і святлеюць вочы.

Хочацца маладым і пазабаўляцца, вечарамі схадзіць на танцы ў сельскі клуб. А 12 ліпеня для вяскоўцаў з Каўшэлева і прыезджых было двайное свята. Для праваслаўных — гэта дзень святых апосталаў Пятра і Паўла. Менавіта ў гэты дзень прымеркавалі і правядзенне свята вёскі. Жыхары, разам са сваімі гарадскімі гасцямі, сабраліся каля Дома фальклору. Быў цёплы сонечны дзень. Да правядзення гэтага свята культработнікі рыхтаваліся загадзя і вельмі старанна. Прама на вуліцы арганізавалі выставу прадметаў народнага ўжытку, рукадзелле мясцовых майстрыц. Жанчыны паадчынялі куфэркі і прынеслі ручныя вырабы сваёй маладосці. А Людміла Ананіч — маладая майстрыца, дэманстравала сваю выставу “Матулін ручнік”.

І вось на ўмоўную сцэну выходзяць вядучыя. Яны называюць прозвішчы тых, хто вызначыўся сваімі працоўнымі дасягненнямі. Гэта даглядчыца буйной рагатай жывёлы Надзея Катовіч, даяркі Галіна Бяспальчык і Людміла Ярашонак, ветурач Ніна Кірылава, механізатары Валянцін Яшчанка, Барыс Фёдараў, Раман Усцінаў. Для іх самадзейныя артысты выконвалі песні, добра знаёмыя гледачам. Таму яны падпявалі выканаўцам, падтанцоўвалі. Доўга не адпускалі са сцэны Івана Гарбачонка, Людмілу Маісееву, Алёну Сухаверскую і Вікторыю Сяткоўскую.

Асаблівыя словы ўвагі і падзякі былі адрасаваны шматдзетным маці, якія нарадзілі па 5—6 дзяцей. Да іх ліку адносяцца Таццяна Матруненка, Соф’я Цярпілка, Надзея Катовіч, Фаіна Максімава, Жанна Спірыдонава і Ірына Крышталевіч. Да таго ж Ірына Іванаўна і знакамітая былая трактарыстка гаспадаркі. Усе, хто быў названы на ўрачыстасці, атрымалі сувеніры.

Пасля музычных нумароў Людміла Ананіч правяла гульнявую праграму “Пятроўскія забавы”.

Затым перад прысутнымі выступіла старшыня выканкама Більдзюжскага сельсавета Наталля Уладзіміраўна Драбовіч, якая  павіншавала прысутных са святамі, пажадала здароўя і дабрабыту, і па выніках камісійнага агляду двароў, пераможцам уручыла каштоўныя падарукі. Іх атрымалі сем’і Ларысы Сцяпанаўны і Івана Іосіфавіча Шудзель, Ніны Мікалаеўны і Юрыя Валянцінавіча Яшчанка. Як кветкаводка-аматарка падарунак ад сельсавета атрымала і старэйшая жыхарка вёскі Францішка Антонаўна Туронак.

На працягу ўсяго свята, каб прысутным яшчэ больш узняць настрой, іх весялілі прымаўкамі і анекдотамі, частушкамі і прыгаворкамі Надзея Вайцюль, Людміла Бялевіч і Антон Дабравольскі.

Трэба сказаць, каб свята прайшло вось так  цікава і на такім высокім узроўні, вялікую дапамогу ў арганізацыі і правядзенні яго аказалі метадысты  раённага цэнтра культуры Алёна Сухаверская і Вікторыя Сяткоўская.

Гэты сонечны, летні дзень надоўга запомніцца вяскоўцам.

Кацярына СОСНА.

выстава вырабаў і рэчаў хатняга побыту вяскоўцаў


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *