
Сёлета спаўняецца 77 год, як у нашым гарадскім пасёлку пачала працаваць чыгуначная станцыя “Шаркаўшчызна”. Пабудаваная ў далёкім 1937 годзе, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы, чыгунка і зараз эфектыўна спраўляецца з асноўнымі сваімі функцыямі – перавозкай пасажыраў і грузаў.
Немалы адрэзак часу, а менавіта 36 гадоў, працуе тут Віктар Аляксандравіч Лабуць, які з 1990 года ўзначальвае станцыю, кіруе калектывам, клапоціцца пра матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне арганізацыі, пільна сочыць за надзейным рухам цягнікоў.
Шаркаўшчынскія чыгуначнікі працуюць у некалькіх структурных падраздзяленнях. Гэта 9 акалодак Варапаеўскай дыстанцыі пуці (майстар – Іван Васілеўскі), Полацкая дыстанцыя сігналізацыі і сувязі (электрамеханік – Павел Палялейка), унітарнае прадпрыемства “Віцебскгрузсэрвіс” (майстар – Юрый Грэцкі) і станцыя “Шаркаўшчызна” (начальнік – Віктар Лабуць). Ад зладжанай працы спецыялістаў і рабочых вышэйпералічаных структурных падраздзяленняў напрамую залежыць бесперабойны рух таварных і пасажырскіх саставаў, якія штодзённа прыбываюць на станцыю “Шаркаўшчызна” і адпраўляюцца з яе ў далёкія шляхі па чыгуначных рэйках краіны.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.
