Пра велавандроўку «Зорка–Дзісна–Зорка» расказваюць яе ўдзельнікі — вучні і настаўнікі Зоркаўскай школы

Молодежь Спорт

1. 14 чэрвеня 2014 года. Летні грамадзянска-патрыятычны лагер “Світанак” Зоркаўскай СШ. Раніца. Яшчэ трымаецца прахалода, але дзень абяцае быць пагодным і цёплым. Ужо ўзняты лагерны сцяг, і на двары – засяроджаны клопат: правяраецца паходны рыштунак, апошні раз робіцца тэхнічны агляд транспартных сродкаў. Старэйшыя выхаванцы лагера “Світанак” пачынаюць веласіпедны турыстычны паход па маршруту Зорка – Дзісна – Зорка. Усе гатовы! Робяцца першыя фотаздымкі…

Перад дарогай

2. Яркай стужкай дарога

Перад намі бяжыць,

Незвычайнага многа

Абяцае адкрыць.

Тут за кожным пагоркам

Новы край-далягляд…

Веласіпедныя турыстычныя паходы ў  Зоркаўскай сярэдняй школе традыцыйныя, праводзяцца амаль кожнае лета ўжо на працягу многіх гадоў. Нашы настаўнікі лічаць іх дзейсным сродкам выхавання, а вучні – актыўным спосабам пазнання гісторыі і геаграфіі нашай “малой радзімы” – Дзісеншчыны.

У турыстычных групах ёсць “пастаянны” і “зменны” састаў. “Пастаянныя” – гэта арганізатары-настаўнікі. У розныя гады імі былі Хрол Жанна Антонаўна, Якімовіч Ірэна Эдуардаўна, Фамін Сямён Вітальевіч. А “заўсёдны пастаянны”:  энтузіяст і нават фанат велатурызму — Морхат Віктар Сцяпанавіч.

“Зменны” склад – гэта вучні сярэдніх і старэйшых класаў розных гадоў навучання. Вось зараз адправіліся ў велапаход вучні 7 – 10 класаў, члены калектыву лагера “Світанак”.

3. Гісторыя робіцца блізкай,

Ахвяры, героі яе…

Нам прозвішчы на абелісках –

Суровы ўспамін аб вайне…

Наш сёлетні паход прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму адна з яго мэт – знаёмства з мясцінамі Дзісеншчыны, звязанымі з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

У многіх нашых вёсках устаноўлены абеліскі ці мемарыяльныя дошкі з прозвішчамі землякоў, загінуўшых у барацьбе з ворагам. Наша вёска Зорка – цэнтр ААТ “Ельня-Агра”. Для ўшанаванне памяці 32 землякоў у вёсцы ў 1969 г. ўстаноўлена стэла з прозвішчамі. Ля такіх стэл-помнікаў спыняліся мы ў вёсках на нашым маршруце – Сіцькове, Мікалаёве…

4. Наш кіраўнік, настаўнік гісторыі Віктар Сцяпанавіч Морхат расказаў пра Мікалаёўскую падпольную камсамольскую арганізацыю, якая аб’ядноўвала найбольш актыўную моладзь Мікалаёва і навакольных вёсак. Рыхтуючыся да актыўнай барацьбы з нямецка-фашысцкімі акупантамі, падпольшчыкі збіралі зброю на месцах баёў, якія адбываліся ў наваколлях Дзісны ў чэрвені 1941 г. Моладзь вяла актыўную прапагандысцкую работу, накіраваную супраць акупантаў. Яны распаўсюджвалі лістоўкі, у якіх расказвалі аб нязломнасці Чырвонай Арміі, яе барацьбе. Вясной 1942 г. яны хацелі стварыць партызанскі атрад. Якраз у гэты час фашысты схапілі некалькіх падпольшчыкаў. Гераічнай смерцю загінулі Андрэй Яленскі, Ціхан Федарэц. Астатнія ў хуткім часе ўліліся ў шэрагі партызан брыгады “Кастрычнік” і 4-й Беларускай брыгады, якія актыўна сталі дзейнічаць у нашай мясцовасці ў 1942 – 1943 гг. А некаторыя выконвалі ролю партызанскіх сувязных і разведчыкаў. Актыўна дзейнічала ў Дзісне і наваколлі ў якасці партызанскай разведчыцы Глафіра Васільеўна Рымдзёнак ( па мужу Качан). У апошняе дзесяцігоддзе Глафіра Васільеўна жыла ў Дзісне. На жаль, з ёй мы сустрэцца не змаглі: цяпер яна жыве у сваёй дачкі ў Міёрах. Нашы велатурысты папярэдніх гадоў сустракаліся з ёй, слухалі яе пранікнёны аповед пра вогненныя ваенныя гады, пра сваіх сяброў — падпольшчыкаў і партызан. Дарэчы, з яе ўспамінамі можна пазнаёміцца, разгарнуўшы зборнік “Люди нарочанского края. Воспоминания участников революционной борьбы и Великой Отечественной войны.” – Минск, “Беларусь”, 1975 г.

Ля помніка ў Мікалаёве

5. Вось і Дзісна – адзін са старажытных, а на сёння самы малы горад Беларусі.

Ля брамы Дзісны

Тут нас гасцінна сустрэў Пётр Уладзіміравіч Баговіч, былы дырэктар Ямненскай базавай школы. Яе можна назваць і нашай школай, бо Зоркаўская “вырасла” ў 1992 годзе менавіта з Ямненскай базавай. Ён вялікі знаўца мінуўшчыны Дзісеншчыны і правёў нас па вулках гарадка, пазнаёміў з цікавымі яго мясцінамі і з цікавымі людзьмі яго.

Шымуковіч Фадзей Лаўрэнцьевіч, настаўнік, былы дырэктар Акунёўскай школы, на заслужаным адпачынку знайшоў сабе цікавы і незвычайны занятак – выраб з дрэва скульптур казачных і літаратурных герояў. Яго скульптуры упрыгожваюць падворкі не толькі роднай мясцовасці.  Вось Мцыры змагаецца з барсам, вось тры волаты на конях, вось імчыцца “тройка ўдалая”…Уражанні цікавыя……

6. Мяне святыя клічуць з неба:

“Пакінь Дзісну, жыві ў раю!”

А я ў адказ: “Мне рай не трэба,

Люблю, як сын, Дзісну маю”

Дзвіна пад берагам віруе,

Сады аздобіла вясна…

Нічога ў неба не прашу я:

Зямны ёсць рай – мая Дзісна.

Генадзь Дзямешка “Мой рай”

На вуліцы Першамайскай пабывалі мы ў гасцях у надзвычай цікавага чалавека – Генадзя Паўлавіча Дзямешкі. Ён ураджэнец Дзісеншчыны, сын бедных сялян з вёскі Траскуны.  Імкнуўся да ведаў праз самаадукацыю, уключыўся ў заходнебеларускі нацыянальна-вызваленчы рух, пасля верасня памятнага 1939 г. – сакратар Ліпацінскага сельсавета. Потым у жыцці Генадзя Паўлавіча была вайна, якую ён сустрэў чырвонаармейцам на Украіне і закончыў ў пераможным 1945 годзе. А пасля больш за 30 год нёс міліцэйскую службу ў родных мясцінах.

Зараз яму 96 гадоў, а паглядзелі б вы, колькі энергіі і жыццялюбства ў гэтага чалавека! Да нядаўняга часу — удзельнік спеўнага гарадскога хору. І цяпер ездзіць на веласіпедзе па вулках гарадка. А яшчэ Генадзь Паўлавіч піша вершы, мае два выдадзеныя зборнікі. Адзін з іх – “Вераснёвы вырай. Успамін аб мінулым, роздум аб жыцці” – ён падараваў нам. Яго прозвішча ўнесена ў прэстыжнае выданне аб людзях сучаснай Беларусі. 

Дзямешка і госці

7. Цэнтральным момантам стала наведванне мясцовага краязнаўчага музея. Там Пётр Уладзіміравіч і супрацоўніца музея пазнаёмілі нас са шматвяковай гісторыяй старажытнай Дзісны. Асабліва ўважліва мы спыніліся на яе старонках, звязаных з падзеямі лета 1944 года, калі вызвалялася ад фашыстаў Беларусь.

У музеі

30 чэрвеня 1944 г. 159-я танкавая брыгада палкоўніка Фёдарава завязала бой за горад Дзісна. Гэты бой цягнуўся тры дні, бо танкістам было цяжка без падтрымкі нашай пяхоты, якая адстала ад танкаў, як гэта бывае на вайне ў час імклівага наступлення, якім была славутая аперацыя “Баграціён”. У Дзісне ў брацкай магіле пахаваны 270 воінаў Савецкай Арміі і 6 партызан, якія загінулі ў баях за вызваленне горада і былога Дзісенскага раёна. Сярод іх – экіпажы танкаў малодшага лейтэнанта Баранава, малодшага лейтэнанта Смірнова, малодшага лейтэнанта Маёрава, старшага лейтэнанта М.А.Кузьміна…

Ля помніка ў скверы

8. А потым было падарожжа на пароме па Заходняй Дзвіне, велічнай руска-беларуска-латышскай рацэ, якая забірае воды нашай роднай Дзісёнкі і нясе іх у мора…

Была яшчэ кароткая сустрэча са старшынёй Дзісенскага гарсавета Аляксандрам

Аляксандравічам Качаном, нашым земляком: Аляксандр Аляксандравіч родам з Шаркаўшчыны. Ён падараваў нам невялічкую кніжку рэкламна-пазнавальнага зместу “Дисна – самый маленький город Беларуси “…

Быў яшчэ абед на свежым паветры, быў добры настрой і засталіся незабыўныя ўражанні…

Нехта едзе на мора,

Нехта ў лес па грыбы.

Мы з сябрамі – на ровар,

І далей ад нуды!

Гэй, хто з намі? –

На ровар –

І далей ад нуды!

Кіраўнікі пахода: Морхат В.С,  Фамін С.В.

Вучні-велатурысты:

Хрол Сцяпан,

Язёнак Ілья,

Якімовіч Аліна,

Фаміна Дар’я,

Акуневіч Міхаіл,

Сташкевіч Уладзіслаў,

Якімовіч Яўген.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *