У раённым цэнтры культуры прайшоў адзін з адборачных тураў конкурсу «Уладар сяла-2014»

Актуальное

Вясёлыя і бадзёрыя сем’і-канкурсанты пасля ўзнагароджвання

У мэтах заахвочвання маладых сем’яў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у добраўпарадкаванні і афармленні жылых дамоў, гаспадаранні на ўласных прысядзібных участках і для прыцягнення маладых сем’яў да рэалізацыі дзяржаўнай аграрнай палітыкі ў раёне праводзіцца конкурс на лепшы маладзёжны падворак “Уладар сяла — 2014”. Конкурс праходзіць у два этапы: спачатку вызначаюцца лепшыя сем’і ў арганізацыях і прадпрыемствах раёна, а пераможцы ўнутрыкалектыўных конкурсаў пазмагаюцца ў фінальным этапе, які пройдзе 23 жніўня ў вёсцы Алашкі, падчас святкавання яблычнага Спаса.

8 жніўня на базе раённага цэнтра культуры ў рамках першага конкурснага этапа сустрэліся сем’і работнікаў устаноў культуры гарадскога пасёлка і сельскай мясцовасці, каб пазмагацца за выхад у фінал “Уладар сяла — 2014”. Таццяна Бандзіна і яе дачка Ксенія прадстаўлялі раённую бібліятэку. Валянціна Абрамава разам з дачкой Алінай і сынам Арцёмам — Радзюкоўскую бібліятэку-філіял. Верацееўскі цэнтр культуры і адпачынку прадставіла сям’я Кезік — муж Аляксандр з жонкай Кацярынй і дачкой Ксеніяй.

Конкурс быў падзелены на пяць этапаў-выпрабаванняў: “Візітка сям’і”, “Бульбашы”, “Касцы”, “Распілоўка дроў”, “Святочны воз”. За ходам спаборніцтва пільна сачыла журы ў складзе намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігара Іванова, дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алены Фромертас і выконваючай абавязкі дырэктара раённага цэнтра культуры Аксаны Сініцы.

У “Візітцы” канкурсанты прадстаўлялі свае захапленні, хобі, дэманстравалі фотаздымкі працоўных будняў і адпачынку, замацаваныя на вялікім аркушы паперы. А Валянціна Абрамава з дачкой Ксеніяй праспявалі песню аб сваёй дружнай сям’і.

У конкурсе “Бульбашы” удзельнічалі толькі мамы і дзеці. Тут трэба было хутка і якасна перабраць вядро бульбы на вялікія, насенныя і дробныя клубні. У дзень правядзення спаборніцтва, на жаль, не змаглі па аб’ектыўных прычынах прысутнічаць моцныя паловы (гаспадары) некаторых сем’яў. Таму ў конкурсе “Касцы” прыняў удзел толькі адзін Аляксандр Кезік. А каб дастойна прайсці застаўшыеся этапы “Распілоўка дроў” і “Святочны воз” (запраганне і распраганне каня), у гэтым Аляксандру дапамгала яго жонка Кацярына. Разам яны дружна, хутка і спрытна справіліся з выпрабаваннямі, у выніку чаго члены журы прысудзілі першае месца сям’і Кезік. Усе ўдзельнікі спаборніцтва ўзнагароджаны дыпломамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама грашовымі прэміямі.

Зараз Аляксандр, Кацярына і Ксенія Кезікі грунтоўна рыхтуюцца да фіналу раённага конкурсу “Уладар сяла — 2014”.

"Візітка" Таццяны і Ксеніі Брандзіных
"Візітка" Таццяны і Ксеніі Брандзіных
Сям'я Абрамавых
Конкурс "Бульбашы"
Удалы касец Аляксандр Кезік
Распілоўка дроў

Конкурс "Святочны воз"

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *