Хлебаробы КУВСП «Гарадзец» першымі ў раёне завяршылі ўборку зерневых і зернебабовых культур. Дажынкі ў сельгаспрадпрыемстве

Актуальное Сельское хозяйство

Святлана Яворская ўручае каравай з новага ўраджаю Аляксандру Маркевічу

Сонечнае надвор’е, якое радавала нас сваім цяплом больш трох тыдняў, дазволіла працаўнікам сельгаспрадпрыемстваў у самыя аптымальныя тэрміны ўбраць спелую збажыну з палеткаў.

Першымі ў раёне завяршылі ўборку зерневых і зернебабовых культур хлебаробы КУВСП “Гарадзец”. Познім вечарам 13 жніўня ва ўрочышчы Маркава, каля вёскі Ахватка, на якім вырас неблагі ўраджай яравой пшаніцы, апошнія 48 гектараў збажыны дамалачвалі экіпажы шасці камбайнаў, за штурваламі якіх знаходзіліся Аляксандр Морхат, Мікалай Абрамчык, Аляксандр Каснікоўскі, Мікалай Прахаронак, Юрый Урублеўскі і Аляксей Стрыжонак. Своечасова адвозілі ад камбайнаў намалочанае зерне грузавыя аўтамабілі і трактары з прычэпамі.

На самым заходзе сонца камбайнеры, убраўшы апошнія палоскі пшаніцы, накіравалі сваю магутную тэхніку на ўскраек поля, выстраіўшы яе ў роўненькі радок. Як раз у гэты час да хлебаробаў, каб павіншаваць з заканчэннем уборачнай кампаніі, прыехалі дырэктар сельгаспрадпрыемства А. А. Маркевіч, галоўныя спецыялісты гаспадаркі, старшыня Лужкаўскага сельвыканкама Т. М. Краснадубская.

Галоўны аграном Святлана Уладзіміраўна Яворская ва ўрачыстай абстаноўцы прыпаднесла Аляксандру Анатольевічу на льняным ручніку духмяны каравай хлеба з ураджаю 2014 года. У сваю чаргу, дырэктар сельгаспрадпрыемства, з нізкім паклонам прыняўшы духмяны бохан, пачаставаў ім кожнага прысутнага. Бо, вядома, што ў гэтым хлебе знаходзіцца вялікая частка іхняй нястомнай, руплівай сялянскай працы. Аляксандр Анатольевіч шчыра павіншаваў камбайнераў, механізатараў, вадзіцеляў і ўсіх, хто прымаў удзел ва ўборцы зерневых з дажынкамі.

Для вясковых хлебаробаў гэта і сапраўды свята. За дваццаць дзён у гаспадарцы 11 экіпажаў камбайнаў абмалацілі ажно тры тысячы тры гектары збажыны. Агульны намалот склаў 6 тысяч 351 тону 750 кілаграмаў пры сярэдняй ураджайнасці 21, 1 цэнтнера з гектара. Усё зерне прайшло дапрацоўку на сушыльных комплексах і засыпана ў засекі.

З самага пачатку ўборачнай у лідары па намалочаных тонах выйшлі камбайнеры Аляксандр Морхат і Мікалай Абрамчык. Да заканчэння жніва разрыў паміж імі ў бункернай вазе быў прыкладна ў пятнаццаць-дваццаць тон. І вось увечары 13 жніўня высветлілася, што Мікалай амаль дагнаў свайго саперніка, высыпаўшы ў дзяржаўныя засекі з бункера 867 тон зерня. І толькі на шэсць тон яго апярэдзіў Аляксандр, намалаціўшы на сваім камбайне 873 тоны. Але, як паведаміў нам дырэктар гаспадаркі, у хлопцаў яшчэ будзе магчымасць выйсці ў тысячнікі па намалотах, бо некалькі экіпажаў камбайнаў адправяцца аказваць дапамогу ва ўборцы збажыны ў Агратэхсэрвіс. Астатняя ж частка машын будзе задзейнічана на абмалоце прысядзібных участкаў вяскоўцаў.

Пасля цырымоніі віншавання нечакана для ўсіх адзін з перадавых камбайнераў Аляксандр Каснікоўскі ўзяў у рукі загаддзя падрыхтаваны ім да такога моманту баян і выканаў для сабраўшыхся хлебаробаў некалькі вясёлых песень. Нагадаўшы тым самым, што сапраўдныя дажынкі заўсёды суправаджаліся музыкай, песнямі і жартамі.

Жнівеньскае сонца, схаваўшы свае апошнія промні за галіны дрэў, ласкава праводзіла калону камбайнаў з залатога пшанічнага палетка. Магутная тэхніка праблісковымі маячкамі і гукамі сігналаў развіталася з уборачнай 2014 года.

Камбайнер і баяніст-віртуоз Аляксандр Каснікоўскі
Камбайнеры КУВСП “Гарадзец” — героі жніва 2014 года

Лідар па намалотах — Аляксандр Морхат

Загружаныя кузавы аўтамабіляў і прычэпы трактароў накіроўваюцца на збожжаток
Камбайны адпраўляюцца на абмалот прысядзібных участкаў вяскоўцаў

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *