Педагагічная дынастыя сям’і Матошкаў

Молодежь

Дзмітрый Паўлавіч і Валянціна Аляксандраўна Матошкі з дачкою Марыяй Дзмітрыеўнай Арцюшэўскай
Дзмітрый Паўлавіч і Валянціна Аляксандраўна Матошкі з дачкою Марыяй Дзмітрыеўнай Арцюшэўскай

Як утвараюцца настаўніцкія дынастыі? Адказ на гэта пытанне можна атрымаць, пазнаёміўшыся з гісторыяй сям’і Матошкаў, лёсы прадстаўнікоў якой (Дзмітрый Паўлавіч, Валянціна Аляксандраўна і іх дачка Марыя) непарыўна звязаны з Васюкоўскай школай. Пачынальніцай гэтай дынастыі, напэўна, можна назваць Валянціну Аляксандраўну.
— Заўсёды любіла дзяцей, — расказвае яна. — Калі яшчэ ў дзяцінстве гулялі ў школу, я заўсёды выконвала ролю настаўніцы. Была нейкая цяга да гэтай прафесіі. Таму і вырашыла паступаць у Полацкае педвучылішча, хаця сама была са звычайнай сялянскай сям’і.
Пасля заканчэння вучылішча яе накіравалі ў Васюкі, якія сталі для яе роднымі — з 1963 па 1996 год адпрацавала яна ў Васюкоўскай школе. 7 гадоў настаўніцай пачатковых класаў, а потым, адвучыўшыся завочна на аддзяленні рускай мовы і літаратуры Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна, выкладала рускую мову і літаратуру. А вось яе муж Дзмітрый Паўлавіч не адразу выбраў прафесію настаўніка. Нарадзіўшыся ў Жоўніцы, ён пасля арміі пэўны час быў заняты ў калгасе, потым пераехаў у Наваполацк, дзе працаваў на будоўлях маладога горада. Але калі памёр бацька, вярнуўся на радзіму, каб быць побач з маці. Уладкаваўся працаваць у мясцовых клубе і бібліятэцы. Часта наведваў школу, дапамагаючы ў арганізацыі і ўдзельнічаючы ў самадзейных мерапрыемствах. Ён добра граў на баяне, а Валянціна Аляксандраўна спявала. У іх атрымаўся выдатны творчы дуэт, якім яны выступалі на святах і разнастайных мерапрыемствах і які ў 1965 годзе ператварыўся ў сямейны. Валянціна Аляксандраўна ж накіравала мужа на настаўніцкі шлях. Вучачыся завочна ў Магілёўскім педінстытуце, Дзмітрый Паўлавіч у 1969 годзе стаў выкладаць гісторыю ў Васюкоўскай школе. А ў 1975 годзе з лёгкай рукі загадчыка раённага аддзела адукацыі Пятра Ільіча Радзькова быў прызначаны на пасаду дырэктара Васюкоўскай школы, дзе адпрацаваў да выхаду на пенсію ў 1997 годзе. Пры ім са значнай дапамогай мясцовага калгаса Шлях Леніна, якім кіраваў Сцяпан Іосіфавіч Пармон, была пабудавана новая школа.
Васюкоўская школа стала месцам працы і для іх старэйшай дачкі Марыі, якая вывучылася на настаўніцу нямецкай мовы ў Мінску, а пазней пераняла эстафету ад бацькі і на працягу 12 гадоў да закрыцця была дырэктарам школы. Яна атрымала другую вышэйшую адукацыю і цяпер працуе ў Станіславоўскай БШ настаўнікам нямецкай мовы і дэфектолагам.
Усё гэта радкі працоўнай біяграфіі сям’і Матошкаў, а давайце ўявім, колькі за імі праведзеных урокаў, правераных сшыткаў, колькі пакаленняў удзячных вучняў, якія атрымлівалі свае першыя веды пра свет у сценах Васюкоўскай школы.
Як кожны сапраўдны настаўнік, Валянціна Аляксандраўна, канечне ж, не можа не ўзгадаць у нашай размове пра сваіх вучняў. Робіць яна гэта з любоўю ў голасе:
— У нашай школе былі добрыя вучні. Ніколі за ўсю гісторыю школы ніхто з дзяцей не быў замешаны ў правапарушэннях, ніхто не знаходзіўся на ўліку ў праваахоўных органах. І з бацькамі мы заўсёды знаходзілі паразуменне, школа атрымлівала ад іх падтрымку.
Малодшая дачка Вольга таксама абрала прафесію школьнага педагога, хаця калі яна скончыла Віцебскі педінстытут з чырвоным дыпломам, ёй прапаноўвалі пасаду выкладчыка ў ВНУ. Цяпер Вольга Дзмітрыеўна Кажарская навучае вучняў гісторыі ў СШ № 3 горада Віцебск.
А вось з унукаў пакуль ніхто не абраў прафесію настаўніка. Але хто ведае, можа каму-небудзь з праўнукаў перадасца гэта пачуццё любові да дзяцей і ў будучым настаўніцкая дынастыя Матошкаў атрымае працяг.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *