Конкурс сярод сацыяльных работнікаў раёна

Актуальное

Удзельнікі конкурсу сацработнікаў раёна
Удзельнікі конкурсу сацработнікаў раёна

1 кастрычніка — свята для тых людзей, якія па свайму ўзросту лічацца пажылымі. Многія з іх маюць патрэбу ў дапамозе іншых.
У нашай краіне сацыяльная служба і людзі, якія працуюць у гэтай сферы, аказваюць матэрыяльна-бытавую дапамогу і маральна-прававую падтрымку інвалідам, адзінокім пажылым людзям. Тым, хто працуе сацработнікам, трэба валодаць спагадлівасцю і ўменнем спачуваць, быць ветлівымі, чэснымі, міласэрнымі і аказваць патрэбную дапамогу, паколькі адзінокія пажылыя людзі і хворыя не бываюць шчаслівымі і часта фізічна пакутуюць.
Напярэдадні Дня пажылых людзей работнікі дзяржаўнай ўстановы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шаркаўшчынскага раёна” на базе аддзялення дзённага прабывання інвалідаў, праводзілі конкурс сярод сацыяльных работнікаў раёна.
Дарэчы, гэтай справай у раёне займаюцца 47 чалавек. Многія прыехалі на конкурс, каб маральна падтрымаць і нешта пераняць у сваіх калег-канкурсантаў. Журы конкурсу прадстаўлялі: Іна Вячаславаўна Прыстаўка — дырэктар цэнтра, Ала Уладзіміраўна Новікава — спецыяліст аддзела тэрміновай дапамогі, Алена Яўгенаўна Юдыцкая — спецыяліст аддзела пярвічнага прыёму, аналізу і прагназавання, Юлія Мікалаеўна Пятрова — юрысконсульт і запрошанай была Вера Барысаўна Жук — начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
У конкурсе, які праходзіў па сямі намінацыях, прынялі ўдзел восем канкурсантаў. За званне “лепшы малады сацыяльны работнік” змагаліся Святлана Дзягцяр і Таццяна Красько з Лужкаўскага сельсавета, Юлія Дзямідава з Шаркаўшчыны, а за “лепшага сацыяльнага работніка-2014” — Таццяна Фёдарава, Наталля Мяцеліца, Жанна Палонікава з Шаркаўшчыны, Наталля Ластаўка з Германавіцкага і Іосіф Квач са Станіславоўскага сельсаветаў.
Хваляваліся сталыя людзі, як вучні ці студэнты перад экзаменамі. Першы этап (хатняе заданне) — візітоўка. Кожны з удзельнікаў праяўляў свае творчыя здольнасці — чыталі вершы, дэманстравалі малюнкі, эмблемы, плакаты, расказвалі аб сваёй прафесіі, пра сям’ю, пра людзей, якіх яны абслугоўваюць. Цікава расказаў Іосіф Квач (адзіны мужчына ў гэтай службе), як у рэлігійныя і дзяржаўныя святы ён арганізоўвае з вучнямі мясцовай школы міні-канцэрты і з імі наведваюцца да старэнькіх жыхароў навакольных вёсак.
Другое конкурснае заданне — па тэорыі. Канкурсанты павінны былі адказаць на пытанні, адпаведна “выцягнутага” білета. Самы складаны, здаецца, выпаў Жанне Палонікавай: “Якія дакументы павінен сабраць чалавек, які мае патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні?”. Адказ быў дадзены правільна.
Трэці конкурс насіў назву “Крок у бок — памідоры, у другі — капуста”. Многія з пажылых людзей трымаюць каля хаты невялікія агародзікі, дзе з дапамогай сацработнікаў высаджваюць агародніну. Затым разам робяць нарыхтоўкі на зіму. А вопытныя людзі дзеляцца сваімі рацэптамі.
Наступны конкурс — фантазія страў хатняга прыгатавання. Розныя былі стравы, але больш за ўсё вабілі дранікі, якіх напякла Таццяна Фёдарава, фаршыраванага шчупака прыгатаваў Іосіф Квач і да яго склаў верш.
У конкурсе, прысвечаным году гасціннасці, удзельнікі дэманстравалі гледачам розныя вырабы рукадзелля, якімі самі займаюцца, так і падаставалі з куфэркаў жыхары, якіх яны абслугоўваюць. Гэта былі вязаныя рэчы, вышыўкі, вырабы народнага промыслу. Напрыклад, мужчына — інвалід першай групы вяжа шкарпэткі, цікавы дыванчык зрабіла жанчына са звычайных коркаў, іншая з пакетаў з-пад малака і шмат чаго цікавага і непаўторнага можна было пабачыць.
Сацработнік павінен умець рабіць усё і самую тонкую работу, нават мазаць пазногці. І такі быў конкурс. Кожны праяўляў сваю кемлівасць. А Іосіф Квач дзяўчыне намазаў пазногці ў колер сцягаў суседніх краін.
Завяршыўся конкурс жартоўна. Трэба было надзьмуць паветраны шарык. І тут вызначылі пераможцу.
На працягу ўсяго мерапрыемства было весела і цікава. У выніку лепшым маладым сацыяльным работнікам стала Таццяна Красько, другое і трэцяе месца занялі адпаведна Юлія Дземідовіч і Святлана Дзягцяр. Лепшым сацыяльным работнікам, як і ў мінулым годзе, стаў Іосіф Квач, на другім месцы Таццяна Фёдарава і на трэцім — Наталля Ластаўка.

Пераможца конкурсу   І. Квач атрымлівае дыплом
Пераможца конкурсу
І. Квач атрымлівае дыплом

Пераможцы дзеі атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі.
Пасля завяршэння конкурснай праграмы, для ўсіх прысутных быў арганізаваны гасцінны стол з усіх страў, якія прынеслі канкурсанты для паказу.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *