Працаўнікі сяла: вадзіцель ААТ «Агратэхсэрвіс» Леанід Лонскі

Сельское хозяйство

03Гэта свята адзначаюць усе тыя, хто водзіць аўтамашыну па дарогах. Нездарма два святы звязаны ў адно цэлае.
Адзначаць сваё прафесійнае свята будуць і ўсе шафёры сельскай гаспадаркі. У ААТ “Агратэхсэрвіс” на тэрыторыі мехмайстэрні мы засталі шафёра Леаніда Уладзіміравіча Лонскага.
Даведаліся, што за руль аўтамашыны вясковы хлопец сеў не адразу. Пасля атрымання адпаведнай адукацыі, прыйшоў працаваць у гаспадарку ў якасці трактарыста. Было гэта дваццаць гадоў назад. Як і любому сельскаму механізатару, Леаніду даводзілася выконваць розныя работы на зямлі, працаваў ён на трактары Т-150: узорваў глебу і апрацоўваў яе, засяваў палі, збіраў вырашчаны ўраджай. Стала падводзіць здароўе, аднак жа не сядзець маладому чалавеку без справы і Леаніду Уладзіміравічу прапанавалі старэнькую аўтамашыну ГАЗ-53. “Будзеш на падхопе, — прапанаваў загадчык майстэрні гаспадаркі. — Дужа загружаць работай цябе не будзем і ў далёкія рэйсы не адправім. Выздараўлівай, а там бачна будзе”.
Леанід Уладзіміравіч адладзіў старэнькую аўтамашыну, і яна стала працаваць, як кажуць, як гадзіннік. Дзевяць гадоў не выпускае руль з рук сельскі шафёр. Вясной і восенню ён падчэплівае да аўтамашыны загрузчык і загружае насеннем сеялкі ў полі. Ужо завяршыліся галоўныя работы ў гаспадарцы, і Леанід Лонскі займецца рамонтам аўтамашыны, каб вясною не было прастою з-за яе няспраўнасці.
Леанід Уладзіміравіч трывала прыжыўся ў вёсцы Наваселле. Мае свой дом, трывалую сям’ю, ёсць асабістая аўтамашына ў гаражы. І жыццём сваім ён задаволены.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *