
Ужо сабраны з поля ўраджай, завершана нарыхтоўка кармоў, надышоў час прыводзіць у парадак тэхніку. Камбайнеры першымі правялі патрэбны комплекс работ на камбайнах і паставілі тэхніку на кансервацыю. У гэтым мы пераканаліся, калі прыехалі ў аддзяленне Наваселле ААТ “Агратэхсэрвіс”. Пад павеццю радком адзін за адным стаяць шэсць камбайнаў і крыху далей — кормаўборачная тэхніка: КЗР-10, КЗК-800 і Е-303.
Як растлумачыў нам начальнік дзяржтэхнагляду Васілій Лутохін, так павінна быць у кожнай гаспадарцы. Гэта значыць, у камбайнаў разгружаны колы, пабелена рызіна, паслаблены прывадныя рамяні, зняты жалезныя ланцугі, жняяркі пакрыты антыкаразійнай змазкай.
Затым галоўны інжынер гаспадаркі разам з механізатарам, якому належыла тая ці іншая машына, правялі здачу-прыёмку камбайнаў і кормаўборачнай тэхнікі, вызначылі, што патрабуецца адрамантаваць, што замяніць.
— Вось бачыце, — працягвае размову спецыяліст, — побач з павеццю стаіць яшчэ адзін камбайн. У яго “заклініў” рухавік. Дэталь будзе знята і адпраўлена ў рамонт.
Пра тое, што патрэбныя работы праведзены, на лабавым шкле камбайнаў прымацаваны акт пастаноўкі яе на кансервацыю. Затым, у працэсе работ, правільнасць пастаноўкі тэхнікі будзе праверана створанай для гэтага камісіяй.
Да нашай размовы далучыўся начальнік аддзялення Міхаіл Кавалёнак.
— Чым будуць заняты механізатары, якія закансервавалі асноўную тэхніку? — пытаемся ў спецыяліста.
— У нас кожнаму знойдзецца работа, — кажа Міхаіл Барысавіч і пералічвае пасады, якія могуць заняць механізатары: частка людзей пойдзе ў чарговы водпуск, з пастаноўкай жывёлы ў памяшканні спатрэбілася больш працаўнікоў у жывёлагадоўлі. Да таго ж, яшчэ працягваюцца работы ў полі: уносяцца арганічныя ўгнаенні пад зябліва. Гэтыя работы выконваюць Віктар Лаўрыновіч і Дзмітрый Ясюкевіч. Пагружае арганіку Амкадорам Міхаіл Нікалаеў. На ўзорванні глебы заняты Андрэй Рачыцкі, Дзмітрый Кудраўцаў, Сяргей Балай і Валерый Александровіч.
Толькі б было паліва і дазваляла надвор’е, можна ўзорваць глебу да глыбокай восені, чым і будуць займацца гэтыя і іншыя механізатары.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.
