Расказалі пра Шаркаўшчыну на міжнароднай выставе “Турбізнэс-2014”

Актуальное

Н. Арэшкава і В. Шадрына ў час працы выставы “Турбізнэс-2014”
Н. Арэшкава і В. Шадрына ў час працы выставы “Турбізнэс-2014”

Больш за 120 кампаній з 16 краін свету былі прадстаўлены на міжнароднай выставе “Турбізнэс-2014”, якая прайшла з 22 па 24 кастрычніка ў Мінску ў НВЦ “Белэкспа”. Удзел у прэстыжным форуме прыняў і турысцка-інфармацыйны пункт аддзела адукацыі, спорту і турызму Шаркаўшчынскага райвыканкама, які прадставілі намеснік начальніка аддзела Наталля Арэшкава і інструктар па турызме Валянціна Шадрына.
Тэматыка выставы ўключала ў сябе шматлікія віды турызму: уязны і выязны, спартыўны і прыгодніцкі, рэкрэацыйны, медыцынскі, сямейны і дзіцячы, паляўнічы. Прайшлі запланаваныя прэзентацыі, круглыя сталы, семінары па актуальных праблемах турысцкай галіны.
Наш раён ужо трэці год запар з’яўляецца ўдзельнікам дадзенай міжнароднай выставы, годна прапагандуючы турыстычны, культурны і эканамічны патэнцыял, якім валодае Шаркаўшчына. Многае ўжо зроблена ў дадзеным накірунку. Наш рэгіён стаў вядомы шырокаму колу айчынных і замежных турыстаў, дзякуючы славутым людзям, якія нарадзіліся ў Шаркаўшчынскім раёне, помнікам архітэктуры, занесеным ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны краіны, а таксама святам і фестывалям, якія асабліва шырока сталі прапагандавацца далёка за межамі раёна і вобласці.
У рамках выставы прайшоў таксама 12-ы рэспубліканскі турыстычны конкурс “Пазнай Беларусь”, дзе шаркаўчане ўдзельнічалі ў намінацыі “За ўклад у развіццё беларускага турызму”. І нягледзячы на тое, што нашым землякам не пашчасціла быць сярод узнагароджаных, тым не менш, яны на дастойным узроўні змаглі прадставіць на суд журы мерапрыемства турыстычны патэнцыял, якім валодае Шаркаўшчынскі раён. Тым больш, што нашай экспазіцыяй цікавіўся і намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга. Ён даў станоўчую адзнаку ўзроўню падрыхтаванасці шаркаўшчынскіх спецыялістаў да ўдзелу ў міжнародным турыстычным форуме, ахвотна распытваў аб жнівеньскім фестывалі “Светлы Яблычны Спас — сікораўскай душы часцінка”, а таксама набыў нашу сувенірную прадукцыю.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *