У нашым гарпасёлку 29 кастрычніка прайшла экалагічная экспедыцыя па ачыстцы ад смецця берагавой лініі ракі Янкі ў рамках чарговага этапа праекта “Малыя рэкі — вялікія праблемы”. Больш трыццаці вучняў сярэдніх школ раённага цэнтра і Германавіцкай СШ, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі экалагічных клубаў, створаных на базе навучальных устаноў, разам з дарослымі агульнымі сіламі наводзілі парадак на берагах Янкі ад мікрараёна ДБУ-26 да парку сельгастэхнікі.
Каардынатары праекта “Малыя рэкі — вялікія праблемы” у пачатку прывіталі ўдзельнікаў мерапрыемства, азнаёмілі з аб’ёмам работ, а пасля кожны, атрымаўшы спецаддзенне, прыступіў да справы. Асноўную частку сабранага смецця саставілі рэшткі бытавых адходаў: шклянкі, бутэлькі, слоікі і іншыя. У рэчышчы юныя эколагі знайшлі таксама і трактарныя гумовыя колы. Іх пры дапамозе гідраманіпулятара, прадастаўленага УКП ЖКГ, дасталі з поймы ракі. Рабочыя камунальнай службы разабралі таксама завалы вялікіх сухіх дрэў у месцы ўпадзення ракі Густаткі ў Янку. Дарослыя з дапамогай спецабсталявання спілавалі нахілёныя над вадой дрэвы і трактарам выцягнулі іх з вады на бераг.
У наступнай частцы экалагічнай экспедыцыі са школьнікамі праводзілі цікавыя інтэрактыўныя гульні. Затым вучні даследвалі хімічны састаў вады, узятай з ракі, пасля чаго іх чакала смачная гарачая каша на абед, прыгатаваная работнікамі філіяла “Шаркаўшчына-Торг”. Каля сяброўскага вогнішча за кубкам гарбаты юнакі і дзяўчаты разам з арганізатарамі экалагічнай экспедыцыі і актывістамі райкама БРСМ абмяркоўвалі мерапрыемства. Разам вырашылі вясной наступнага года зноў сустрэцца, каб правесці падобную экалагічную акцыю па ачыстцы адной з малых рэк на тэрыторыі раёна. Гэта несумненна, надзвычай важна для здароўя мясцовага насельніцтва, якое выкарыстоўвае прытокі Дзісны як крыніцу пітной вады.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.
