Вінцэнт Часлававіч Давыдзёнак адзначаны Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама

Общество

М. І. Баговіч уручае Ганаровую грамату В. Ч. Давыдзёнку
М. І. Баговіч уручае Ганаровую грамату В. Ч. Давыдзёнку

4 лістапада ў вялікай зале райвыканкама падчас правядзення рабочай планёркі кіраўнік раёна Мікалай Ірынархавіч Баговіч уручыў Ганаровую грамату Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё страхавання ў Шаркаўшчынскім раёне былому кіраўніку аддзела па аказанні страхавых паслуг па Шаркаўшчынскаму раёну прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Глыбоцкаму раёну Вінцэнту Часлававічу Давыдзёнку.
Вінцэнт Часлававіч нарадзіўся ў вёсцы Сталіца. Пасля службы ў Савецкай арміі непрацяглы час жыў у далёкім расійскім горадзе Южна-Сахалінск, працаваў на мясцовай цеплаэлектрацэнтралі. Затым, вярнуўшыся на радзіму, вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце. Атрымаўшы кваліфікацыю інжынера- механіка, Вінцэнт Часлававіч працаваў у наваполацкай аўтабазе. А з 1983 года яго жыццёвы шлях і працоўная дзейнасць звязаныя з Шаркаўшчынскім раёнам. Тут ён займаў пасаду старшага інжынера райсельгасхіміі. Кіраўніцтва раёна, убачыўшы добрыя арганізатарскія здольнасці маладога спецыяліста, прызначыла Вінцэнта Часлававіча ў 1984 годзе інструктарам арганізацыйнага аддзела райкама партыі. Наступныя пяць год яго працоўнай дзейнасці прайшлі ў дарожна-будаўнічым упраўленні № 26 на пасадзе старшага механіка. У 1994 годзе Вінцэнт Часлававіч зноў вяртаецца на ўпраўленчую работу ў раённы выканаўчы камітэт, дзе ўзначальвае арганізацыйна-кадравы аддзел. Апошнія пятнаццаць год яго працоўнай дзейнасці неразрыўна былі звязаныя з калектывам Белдзяржстраху ў гарадскім пасёлку. Усе работнікі арганізацыі з цеплынёй кажуць пра свайго былога кіраўніка, які клапаціўся не толькі пра выкананне ўсіх вытворчых паказчыкаў установы, але і пра кожнага свайго падначаленага.
Несумненна, што найлепшая ўзнагарода за шматгадовую працу — гэта павага і ўдзячнасць з боку жыхароў нашага раёна, якія ўсе мелі і маюць дачыненне да страхавання дзяржаўнай і ўласнай маёмасці і якім Вінцэнт Часлававіч заўсёды аказваў кампетэнтную, прафесійную і своечасовую дапамогу.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *