28 кастрычніка (10 лістапада па новым стылі) у Петраградзе быў падпісаны дэкрэт аб стварэнні атрадаў народнай міліцыі. Менавіта гэты дзень святкаваўся ў Савецкім саюзе як Дзень міліцыі. Для многіх ветэранаў міліцэйскай службы гэтая дата мае вялікае значэнне. У Рэспубліцы Беларусь 10 лістапада адзначаецца як Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў.
Па ініцыятыве начальніка Шаркаўшчынскага раённага аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Сяргея Мікалаевіча Арэшкава да гэтага дня прымеркавана ўрачыстае мерапрыемства. Штогод у аддзеле адбываецца сустрэча з ветэранамі. Ва ўрачыстай атмасферы іх віншуюць са святам, яны, у сваю чаргу, дзеляцца сваімі ўспамінамі. Асабліва хвалюючым становіцца той момант, калі прыгадваюцца імёны ветэранаў, якія пайшлі з жыцця.
—За час існавання Шаркаўшчынскага аддзела міліцыі, — расказвае старшыня ветэранскай арганізацыі Шаркаўшчынскага РАУС Пётр Іванавіч Баравік, — службу тут прайшлі некалькі пакаленняў міліцыянераў, існуюць у нас і некалькі сямейных дынастый. Такім чынам ажыццяўляецца пераемнасць пакаленняў, калі старэйшыя перадаюць маладым вопыт маладым. Пры гэтым выхаваннем моладзі займаюцца і тыя, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Актыўную жыццёвую пазіцыю займаюць паважаныя ветэраны РАУС Даната Уладзіміраўна Жынгель, Анатолій Уладзіміравіч Шальц, Валерый Апалінар’евіч Малыш, Раман Антонавіч Більдзюга і іншыя. Ад імя кіраўніцтва аддзела, усяго асабістага саставу хочацца павіншаваць нашых шаноўных ветэранаў, пажадаць ім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, аптымізму і каб яны не гублялі сувязь з сучасным пакаленнем ахоўнікаў правапарадку.
Андрэй БУРЭЦ.
