У раённым Цэнтры рамёстваў праходзіць выстава “Прывітанне з Лепеля” мастака Алеся Саўчанкі

Актуальное

арганізатары выставы Вікторыя Дубоўская, Алесь Саўчанка і Ада Райчонак
арганізатары выставы Вікторыя Дубоўская, Алесь Саўчанка і Ада Райчонак

Прыхільнікам мастацтва і ўсім, хто неабыякавы да культурных мерапрыемстваў, надарылася выдатная магчымасць пабываць у раённым Цэнтры рамёстваў. Тут 13 лістапада адкрылася чарговая выстава мастацкіх твораў. Лепельскі мастак Алесь Саўчанка прэзентаваў жыхарам Шаркаўшчынскага раёна выставу творчых работ пад назвай “Прывітанне з Лепеля”. На святочную імпрэзу разам з Алесем прыехалі землякі, прыйшлі яго шаркаўшчынскія сябры, аднадумцы і звычайныя аматары мастацтва.
У пачатку аўтар выставы расказаў крыху пра сябе, пра сваю сям’ю, пра тое, што натхняе яго ў жыцці на стварэнне цудоўных карцін. Работы Алеся Саўчанкі выстаўляюцца ў нашым гарадскім пасёлку ўпершыню, але з Шаркаўшчынскім раёнам мастака звязваюць даўнія сяброўскія зносіны. Тут жывуць і працуюць яго аднакурснік па вучобе на мастацка-графічным факультэце былога Віцебскага педінстытута Інэса Дарашчонак, сябры-мастакі Віктар Крук, Яўген Ліпскі. Цёплымі, шчырымі словамі адазваўся Алесь Саўчанка пра Аду Эльеўну Райчонак, якая ў многім паспрыяла таму, каб талент маладога мастака быў у свой час заўважаны не толькі з боку прызнаных аўтарытэтных жывапісцаў, але і стаў бы цікавым і прыцягальным для любога чалавека. Зараз Алесь — пастаянны ўдзельнік штогадовых мастацкіх пленэраў, якія ладзіць культурна-асветніцкі цэнтр імя Я. Драздовіча на нашай Віцебшчыне.
У работах лепельскага мастака адлюстравана архітэктурная даўніна, раскоша і хараство непаўторнай беларускай прыроды з яе прыгожымі краявідамі. Як сказала Ада Эльеўна, творы Алеся Саўчанкі выхоўваюць любоў да Радзімы, духоўна ўзбагачаюць чалавека, нясуць цеплыню і спагаду ў душы людзей. Шмат добрых слоў у адрас мастака выказалі таксама Марына Ліпская, Святлана Заіка, Людміла Лабачэўская. А начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома падзякавала Алесю Саўчанку за выдатную магчымасць для шаркаўчан пабываць на падобнай выставе, пажадала таленавітаму мастаку чэрпаць творчае натхненне ад сустрэч з удзячным гледачом.
Лірычны настрой на працягу ўсёй імпрэзы ствараў ігрой на дудзе сябра мастака Васіль Шкіндзер, які па-майстэрску валодае гэтым старадаўнім беларускім музычным інструментам.
Дадаткова паведамім, што выстава творчых работ Алеся Саўчанкі “Прывітанне з Лепеля” працуе ў раённым Цэнтры рамёстваў кожны дзень, акрамя нядзелі, з 8 да 17 гадзін. Кошт білету для дарослых складае 5 тысяч рублёў, для дзяцей — 3 тысячы рублёў. Апошні дзень работы выставы — 14 снежня.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.

Госці святочнай імпрэзы.
Госці святочнай імпрэзы.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *