Германавіцкія музейный работнікі прынялі ўдзел у семінары-практыкуме пад назвай “Мясцовае развіццё ў рамках культурных маршрутаў”

Актуальное

456Нядаўна Германавіцкі музей культуры і быту прымаў удзел у двухдзённым семінары-практыкуме пад назвай “Мясцовае развіццё ў рамках культурных маршрутаў”. Мэтай праекта з’яўляецца развіццё супрацоўніцтва музейных і навуковых устаноў Беларусі і Польшчы для захавання і папулярызацыі культурнай спадчыны. Аб гэтым чытачам расказвае навуковы супрацоўнік музея Таццяна Катовіч:
— Першы этап польска-беларускага семінара-практыкума праходзіў у замкавым комплексе “Мір”. У першы дзень адбылася прэзентацыя выдання “Беларускі шлях барока. Паўночна-усходняя Беларусь”. У другі дзень польскія спецыялісты праводзілі майстар-клас па праблемах папулярызацыі, якая ўзмацняе ролю і значэнне помнікаў. Палякі падзяліліся вопытам па методыцы пошуку фінансавых сродкаў для рэстаўрацыі і захавання помнікаў, пра стварэнне інтэрнэт-сайтаў па аб’ектах турыстычных маршрутаў.
У кастрычніку супрацоўнікі музеяў, якія прымалі ўдзел у семінары-практыкуме ў г. п. Мір, атрымалі запрашэнне на навукова-метадычны візіт у Польшчу для правядзення другога этапа. Мэтай візіту стала знаёмства з польскімі мадэлямі і досведам у сферы стварэння і рэалізацыі культурных шляхоў, прадстаўленне метадаў актыўнага пашырэння культурнай спадчыны, сучасных музейных дзеянняў і выкарыстання еўрапейскай сеткі культурных шляхоў як важнага метада прасоўвання лакальнай спадчыны.
За сем дзён паездкі мы азнаёміліся з аб’ектамі спадчыны барока на тэрыторыі старой часткі горада Кракава (касцёлы лазарыстаў, святой Ганны, касцёл святых Пятра і Паўла), наведалі рэстаўрацыйную майстэрню. Вялікае ўражанне атрымалі ад наведвання драўлянага двухвежавага касцёла 1745 г. у Івановіцы, парафіяльнага зальнага храма ў Олькушы, замка Тэнчын. Пабывалі ў іезуіцкім кляштары і калегіуме ў Нысе, у Абацтве ў Кшэшове, Скарбніцы, Глагувэке. Выніковая сустрэча прайшла ў Вроцлаўскім універсітэце. Кожны з удзельнікаў праекта атрымаў заданне сабраць падрабязную інфармацыю пра аб’екты віленскага барока на тэрыторыі свайго раёна для будучага навуковага даследвання.
Увесь праект быў фінінсаваны польскім бокам. Нам была прадстаўлена цудоўная магчымасць пазнаёміцца з гістарычнай архітэктурай і культурай Польшчы, убачыць маляўнічую прыроду гэтай краіны, набыць карысныя веды і новыя знаёмствы.
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *